Як адбіткі вякоў, як набыткі,
Што не ў сілах здалець і смуга, —
Легендарныя коні і світкі,
Вышываная — кроўю — сцяга...
Нашы плечы ў баях не паслаблі,
Хоць крышыў іх нягоды віхор.
Чаратамі — сталёвыя шаблі
Над прадоннем былінных азёр.
Наша моц гартавалася ў буры,
На гарачых кастрах пачуцця.
...Неабутыя славы катурны
Пры высокім дыханні жыцця.
Песня й праўда — бясцэнныя зліткі
(Чужакам хай пасвецяць рублі).
Легендарныя коні і світкі —
Ўсё разбуджана гулам зямлі!
На паверцы стаім, па праверцы,
Растапляючы камень і лёд.
I прасвечваюць нашыя сэрцы
Каліноўскі. Купала. Народ.
Так мала сустракаліся з табой,
Жылі дасюль паблізу невядома.
...А самы ранні час, — ён цалкам твой,
Калі забыта і пазбыта стома.
Яшчэ на плечы не увесь цяжар
Апаў з дарог нязначных і вялікіх.
Не засланяй зажураны свой твар
Радкамі з вершаў спеўнага Хадыкі!
Шукала між насмешнікаў радню
I абмінала твой пагляд глыбінны.
I не таму малілася агню,
I не таму свае пяяла гімны.
I не тваёй журылася журбой,
I не тваім прасвечвалася горам.
...А самы позні час, — ён цалкам твой,
Расчынены наўсцяж дрыготкім зорам.
I гусляў звон, і чарак перазвон,
I срэбны звон няпоўнага вядзерца.
...А ў горадзе, што стаў як Вавілон,
Мне не пазбегнуць катастрофы сэрца.
Плачу за ласку і за гнеў — плачу,
Пакуль цябе нарэшце зразумею.
Я вінавата часта, што маўчу,
I вінавата, што хаваць не ўмею
Сваю любоў.