Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц

Інтымная лірыка Я. Янішчыц — выдатная з'ява ў беларускай літаратуры. Каханне і любоў складаюць галоўны эмацыянальна-сэнсавы цэнтр яе паэтычнага свету. Гэта і зразумела: жанчына заўсёды застаецца жанчынай, яна не можа жыць без кахання. Пра сябе паэтэса сказала: «Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой // Перш-наперш, я толькі жанчына» («Сухі і маланкай апалены ствол...»). У рамантычна ўзвышаным арэоле паўстае ў паэзіі Я. Янішчыц вобраз саду: «I блаславіць нашчадак акрылёна // Кахання сад і ластаўку вясны» («Кахання сад і ластаўка вясны»). «Кахання сад» — сімвал чалавечага шчасця, духоўнай красы і вясновай радасці жыцця. З просьбай-мальбой звяртаецца лірычная гераіня да каханага:


                                 Такой прысні, як яблыневы сад.
                                 Там не ачахла сонечная сцежка.
                                 Хвалюецца высокі снегапад,
                                 А на губах — іскрыстая усмешка.

                                                «Такой прысні, як яблыневы сад...»

Маладая гераіня Я. Янішчыц была ў палоне летуценняў, мрояў, усёй існасцю трапяткога сэрца яна прагнула пяшчоты, цеплыні, святла. Паэтэса стварала лірычны дзённік інтымнага зместу, камернага гучання. Яна даверліва, усхвалявана выказвала словы любові і кахання, ёй жадалася, каб чалавечае жыццё было напоўнена гэтымі цудоўнымі пачуццямі. Афарызмамі сталі мастацкія радкі з верша «Ты пакліч мяне. Пазаві..», у якіх з аптымізмам сцвярджаецца: «Пачынаецца усё з любві — // Нават самая простая ява» і інш. Пазней у паэме «Прызнанне вачамі» як апраўданне прагучала: «Кахаю я — і ў тым мая віна».

Лірыка Я. Янішчыц адлюстравала розныя душэўныя станы — ад пачуцця закаханасці, калі быў «голас... ад шчасця звонкі» («У безназоўнай цішыні...»), да драмы адзінокага чалавека, якому было «так вусцішна, і горасна...» («Далёка — як! I праз нямую пространь...»). Па змену маладой летуценнасці і радасці прыйшло дачаснае расстанне і спароджаны ім шчымлівы боль, самота і душэўныя пакуты. Гэта адбілася, напрыклад, у элегічным пейзажы: «I залатой разлукаю кахання // Апрануты асеннія сады» («Як доўга дождж ілье, а я не чую...»). З'явілася ўсведамленне расколатасці свету кахання, раз'яднанасці чалавечых сэрцаў: «Так свет расшчэплены на дзве // Балючых палавіны» («Мы»). У артыкуле «Выпрабаванне любоўю» Р. Семашкевіч пісаў пра любоўную лірыку Я. Янішчыц: «Гэта паэзія менш за ўсё «дамская», чытаць яе так, між іншым, нельга. Галоўная яе вартасць — у драматызме... Характар лірычнай гераіні, створаны на гэтай аснове, пераканальны шматграннасцю пачуццяў, перажыванняў — ці то гаворка ідзе пра нераздзеленае каханне, ці то пра ўрачыстасць яго. Адчай і трывога, радасць і смутак з'яднаны высокім напалам пачуццяў». Паэтэса напісала нямала спавядальных элегій, вершаў-роздумаў, з якіх перад намі паўстае маркотная і зажураная жанчына, якая глыбока перажывае страту кахання, сямейную неўладкаванасць. Чаму «белы цвет асыпаўся дачасна» і раніць «балючае дасвецце» ў садзе кахання? За што пасланы пакуты? На гэтыя і іншыя пытанні аўтарка зноў і зноў шукае адказ:


                                 Свет для шчасця не заслонены,
                                 Ды скупы, як і здавён.
                                 Чую сэрцам: забаронены
                                 Мне твой радасны палон.

                                                «І сямейнай картай бітая... »

Пісьменніца А. Васілевіч так разважае пра асабістую драму Я. Янішчыц: «Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая... Ёй цяжэй непараўнальна! I адзінае выратаванне ў яе (калі распятая яна лёсам па крыжы Паэзіі) — вершы. Вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але ж і нясуць ёй лекі». Разышліся шляхі-дарогі Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка, таксама паэта, неардынарнага чалавека, распаўся іх сямейны саюз. Горкі сум, адзіноцтва, непрыхаваны боль і туга прадвызначалі і танальнасць шматлікіх вершаваных радкоў. Цяжка было пазбыцца гэтага ўнутранага разладу і няўтульнага пачування ў жыцці:


                                 За тое, што разбурана душа
                                 Сягоння ў ноч нягаданаю весткай
                                 Каторы раз! — і зноўку, як спярша,
                                 Пішу табе сваёй балеснай песняй.

                                                        «За тое, што разбурана душа...»

Творы Я. Янішчыц пра нешчаслівае каханне — песні-жальбы, лірычныя вершы-драмы. Ёй уласцівы тонкі самааналіз душэўных пачуццяў і перажыванняў. Паэтэса робіць ёмістыя штрыхі да аўтапартрэта: «...Засталіся на абліччы толькі // Вочы мае, поўныя табой»; «Склею разам горачка і гора. // Бачыў ты калі такі партрэт?» («Спроба партрэта»). Аднак не толькі бязрадасныя песні складае аўтарка, але і паэтычныя фантазіі, стварае «пейзажы душы», поўныя лірызму, адухоўленай веры і рамантычнай прагі неба, крыла, вясны, сонца: «Жыву няўтульна і няўмела // З нязменнай прагаю крыла» («Набытак шчасця мой бясспрэчпы...»); «Што ж за вогненнае шчасце: // Скошан лёс, як сенакос. // Да цябе мне не прыпасці — // Прыпадаю да нябёс» («Жораў ты, а я — сініца...») і інш.

Вобразы бацькоў у паэзіі Яўгеніі Янішчыц

Апірышча, «сонца» духоўнага свету Я. Янішчыц — светлы вобраз маці. Вельмі прачулыя, кранальныя і шчымлівыя вершы яна напісала пра гэтага роднага і душэўна блізкага чалавека: «Мама Марыя», «Мама і птушкі», «Мамчына сіла», «Дажджавая нітка лёсу мамы», «Што за восень доўгая...», «Як за дажджамі частымі-рабымі...», «Песня», «Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён...», «Мама падрэзала косы», «Ля ложка хворай маці» і інш. Марыю Андрэеўну, маці паэтэсы, напаткаў у многім тыповы лёс палескай жанчыны-працаўніцы. Яна да стомы працавала ў калгасе, цягнула ўласную гаспадарку, умела рабіць любую справу не горш за мужчын. З ранку да ночы яе круціў вір штодзённых клопатаў. Паэтэса спагадала матчынай нялёгкай долі, імкнулася глыбока адчуць боль роднаснага сэрца: «...Але на мне свінцовай мукай // Адбіўся твой пакутны лёс» («Ты косіш сена, возіш дровы»); «Ты на ложку ляжыш, // А здаецца, што ў сонечным полі! // Мама! // Так ніколі твая не балела мне доля» («Ля ложка хворай маці»). У вершах яна выказвае любоў і ўдзячнасць маці за чуласць, узаемаразуменне, трывогі і хваляванні. Яе слова — самае пяшчотнае і гаючае, яе слых — самы чуйны:


                                 Прыеду. Кветка чакання ў акне
                                 Міргае-цвіце ў адзіноце.
                                 А вершы баюся чытаць,
                                                                        каб мяне
                                 На глухой не злавіла ноце
                                 Мама — мая паэтэса.

                                                                          «Мама»

Яўгенія Янішчыц вельмі журылася па бацьку, які заўчасна пайшоў з жыцця. Яму прысвечаны шэраг вершаў: «Хата», «Ясельда», «Імя па бацьку», «Тата», «Бацькава музыка», «Бацькавы дровы», «Бацькава дарога» і інш.

Вобразы ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц

Многія вобразы ў паэзіі Я. Янішчыц — дарогі, вясны, зімы, яблыні, бярозы, вішні, каліны, цішыні, травы, зоркі і іншыя — набываюць інтымна-псіхалагічную напоўненасць. Сімвалічная семантыка гэтых вобразаў звязана з пэўным характарам унутранага пачуцця. У паэзіі Я. Янішчыц напрыклад выразна кантрастуюць вясна і зіма. У кожную пару года ўзнікае адпаведны настрой. «А я люблю вясну»; «Я не люблю слаты», — прызнаецца паэтэса («Я пачакаю»). Вясна — гэта час, калі ў белым вэлюме сад, цвітуць пралескі, пяшчотна свеціць сонейка, калі душа напаўняецца радаснымі, светлымі, чыстымі пачуццямі. Зіма ж увасабляе холад, спустошанасць, выстыласць свету, таму яна палохае сэрца лірычнай гераіні: «Мінае лета. Коціцца зіма»; «Чакае шлях... Чакае золак дальні» («Пярсцёнак»). Зімовы холад — сімвал ростані і адчужанасці: «Каторы год між нас — зіма, // Ляцяць гады, як завірухі» («Да Вас»). Ці возьмем вобраз каліны, які асацыіруецца з доляй і лёсам жанчыны: «Я так цябе чакала, што ў каліне // Адбілася уся мая душа!» («Нясуджаны, я так скажу аднойчы...»). Гэты вобраз мае традыцыйнае сэнсавае напаўненне (такое ж, як і ў вуснай народнай паэзіі), з ім звязаны матывы гаркоты, смутку, тугіі. Разам з тым каліна і яе зыркае полымя для паэтэсы — «як надзея жыцця» («Каліна зімы»). Лірычная гераіня, нягледзячы на расчараванні, крыўды і нараканні на лёс, імкнецца знайсці ўнутраную падтрымку і моц у дрэў, кветак, «Цвету белага» («Над арабінамі і вязамі...»). У вершах часта гучыць горка-аптымістычная, сумна-радасная інтанацыя:


                                 З жаўталістым ветрам заручоная,
                                 Цеплячы гаючы успамін,
                                 Да-га-рай, мая зара вячэрняя, —
                                 Хай пасвеціць полымя калін!

                                                «Менее святла на схіле восені...»

Жыццё Яўгеніі Янішчыц ускладнялася, набывала новыя драматычныя адценні. Яе балюча раніла «пазёрства, двухсэнсоўцасць, каламуць», недружалюбнасць, зайздрасць, абыякавасць, зласлівасць, адсутнасць чалавечага разумення і спагады: «Не-не ды вострым слоўкам упякуць!» («Недалюбіла? Не, не палюбіла..»). Яна нагадвала параненую і безабаронную птушку. Пра драматызм свайго існавання паэтэса ў алегарычнай форме выказалася ў вершы «Маналог вавёркі»: «Вось і мяне, як іншых, прыручылі...»; «...Бо нехта ж ладзіў кола // Не для зязюлі, мілае суседкі, // Не для савы, прыяцелькі мауклівай, // А для мяне — і толькі для мяне!!!» Як прагнула яна вырвацца з гэтага зачараванага кола балючых перажыванняў і пакут! А. Лойка, думаючы пра трагічны лёс паэтэсы, пісаў пра сваю былую студэнтку: «...Былі ва ўцёках Жэці Янішчыц ад жыцця і лермантаўскія ўцёкі. Былі і ўцёкі ад адзіноцтва, ад непрымання таго, што ейная эпоха ёй навязвала, а душа яе з тым не мірылася, свядома і падсвядома, напэўна, не зміралася, паглыбляла душэўны разлад, душэўны крызіс». «У самы смутны час, у час трывожны // Узыдзі, любоў!» — на пранізлівай лірычнай ноце выгукнула паэтэса (верш «I тчэ жыццё гады, нібы палотны...»). Ратавалася жанчына-маці да пэўнага часу думкаю пра сына: «...Думаю пра сына, // Пра сэрцайка чуллівае яго» («Недалюбіла? Не, не палюбіла...»); «Нікуды мне не падзецца // Без цябе, мой мілы сын!» («Андрэю»). «Слова чуйнае ў мальбе» прамаўляла яна, спявала прачулую калыханку: «Спі, мой сыне, спі, мой болю, // Спі, крыло майго жыцця...» («Калыханка»). Асабістая бяда-няшчасце падштурхоўвала да філасофскага роздуму пра сэнс жыцця:


                                 Пакуль яшчэ зялёная зямля
                                 Трымае нас па міласці закона,
                                 Сынок і Маці — зерне і ралля.
                                 Сынок і Маці — мудрая ікона.

                                                           «Сынок і Маці»