...I тая, што даўно завецца Вашай...

Сярэдняя: 3.7 (38 галасоў)
...I тая, што даўно завецца Вашай
I з Вамі да балючага грудка,
Павек не адхісне майго бясстрашша
I не закрэсліць роўнага радка
Рукі маёй,
                  што знала толькі Вашу
На схіле самай светлае пары,
Сто тысяч мук за ноч перагартаўшы
За той адзіны промень на зары.
Сама вясна з'яднала нашы душы,
Сама любоў нас вынесла з агню.
...I ўсё ж баюся я радком парушыць
I разбурыць між намі цішыню.

Ірвёмся ў неабжытае...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)
             Дануце Бічэль-Загнетавай

Ірвёмся ў неабжытае
Адтуль, дзе мы раслі.
Але вяртае жыта
Дахаты, да зямлі.

Там перапёлка плача,
Агні рабін гараць.
Там крэўная задача —
Пасеяць і сабраць.

Ідзеш у свет ажынны,
Прасторны, трапяткі.
I слухаеш: вякі
Калосяцца, як жыта.

Дубовае вядзерца
У Гаўі — для гасцей.
А кладачка — праз сэрца.
Ідзі па ёй смялей!

I ў песні самавітай
Хоць гук любы вазьмі —
Там голас з жытам зліты,
А значыць — і з людзьмі!

Бацькава дарога

Сярэдняя: 2.3 (3 галасоў)
Прымаўку — «твая дарога — ад печы...» —
Не знаў. Ці знаць не любіў,
А ўзвальваў сам дарогу на плечы,
Колькі бачыў — столькі хадзіў.

Перамераны ўсе тутэйшыя вёрсты.
Перамераны поле, лес, сенажаць.
I дарога твая, нібы леты ды вёсны,
Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў пяць.

Смольны дух ад утульнай ватоўкі
Прыносіў у дом лясны камандзір.
...З лясоў Кыштоўкі ляцелі паштоўкі —
Была адкрыта
                         табе і Сібір.

Была адкрыта табе трывога
За дзень наступны. За рэчку з ляском,
Пакуль сама на цябе дарога
Не ўпала
                жоўтым балючым пяском...