I тчэ жыццё гады,
нібы палотны
Матуля, — у пасаг і пра запас.
...У самы цяжкі час, у час самотны —
Я знала Вас!
А быў пасаг мой не зусім заможны:
Вось толькі крылы лёгкіх рук і броў.
У самы смутны час, у час трывожны
Ўзыдзі, любоў!
Я прасачу спакойнымі вачыма
Сваё жыццё без шуму, без прыкрас.
I паміраць не страшна з той прычыны,
Што помню Вас!
Марыі Захарэвіч
А з якога ж падвор'я
Шчасце з дробнай слязой?
Маша, вёска Надвор'е —
Тысяч сем пехатой.
Можа, глянуў бы ўранні
Хоць праменьчык скупы...
Маша, вёска Каханне —
Дождж празрысты сляпы.
Між купчастых сасонак,
Дзе палын і мурог, —
Да тваіх Навасёлак
Шлях зваротны пралёг.
Рыпнуць стоена дзверы,
Зіркне кухні абрыў...
Твой глядач у партэры,
Што ён цяміць пра ўзрыў
Скупа выданай ролі
(Уваходзь і жыві!) —
Не на сцэне — на полі
Прынароднай любві.
А з якой былой разлукі
Працягну насустрач рукі
I ў здзіўленні анямею
Перад воблікам тваім...
На пуцінах суравею
Растае спадману дым.
Вось ён: дужы, нечаканы,
Неспазнаны, некаханы
Горкай краскай палявою,
Пылам выстылых дарог...
Труднай ласкі удастою
Заглянуць на мой парог.
Што ж — глядзі! Я вось такая:
Незямная і зямная,
З дрогкай радасцю бяссоннай,
З непрагляднаю вярстой...
Дабрадзеем — стол кухонны.
Ліхвяром — пісьмовы стол.