Не шукаю гаманлівай славы
І вучуся сціпласці ў кабет.
Для мяне з лугоў надрэчных травы
Лепшы ў свеце вынеслі букет.
Сонца зачапілася за стрэхі,
Акрапіла мёдам верасы...
«Я люблю-ю!» — панесла
ўдалеч рэха.
«Я люблю-ю!» — азваліся лясы.
«Я люблю-ю!» — пацвердзілі дубровы,
Светлыя, як лебедзя крыло.
I для песні падказала словы
Роднае палескае сяло.
У грудзях прачнулася натхненне.
I дыханне заняло.
«Люблю-ю!»
I душа, як чуйнае карэнне,
Зноў адчула родную зямлю...