Прызнанне вачамі

Сярэдняя: 4.4 (8 галасоў)
                        Воблік

Столькі светлай журбы у паглядзе,
Бы купальскі касцёр не ачах.
У сто першым, ў стотысячным радзе
Я пазнаю Цябе па вачах.

Колькі зор маладых, невядомых!
Колькі неба на лёгкіх плячах!
Паміж твараў чужых і знаёмых
Я шукаю Цябе па вачах.

Мо на вольнай дарожаньцы лепей
Спазнаваць адрачэнне і страх?
Ад бяды, ад агню хай аслепну —
Я убачу Цябе па вачах.

Ах, якога святла біятокі
Прашываюць — і рвуцца па швах?
Як жывецца Табе, мой далёкі, —
Я спытаю Цябе па вачах.

Што ж так снішся глухімі начамі
З лёсам неба на цяжкіх плячах?
Не страляй залатымі вачамі!
...Адчуваю Цябе па вачах.

                            1

Хто там прыдумаў, што выстылі страсці?
Раскашавацца лістам і траве.
Схоплена вечнаімгненнае шчасце:
Дзіўнае воблака ў небе плыве.

Вецер блакітны і вецер зялёны
Хай пагуляюць сабе ў галаве.
Знойдзен адзіны пагляд незамглёны —
Дзіўнае воблака ў небе плыве!

Ах, як на ласку завышаны цэны!
Здраджвае нітка дакладнай канве.
Слухаю вочы і слухаю сцены —
Дзіўнае воблака ў небе плыве!

О як спяшаецца вечны гадзіннік,
І тэлефон Вас на часткі ірве!
Пух тапалёвы ці ўскрык лебядзіны —
Белае воблака ў небе плыве.

Шлях разматае назад завіруху,
Будзе загойна сляды замятаць.
Мілы, ці зналі душэўную скруху:
Боязна поўныя вочы падняць.

А справа ў тым, што неаднойчы палохалі і раздзіралі душу маю — не, толькі не вочы: з лёду і шкла, растопленага лампаднага масла, застыглай чорнай смалы, цвікамі ўбітыя ў роўны фанерны квадрат, пустыя адтуліны шпакоўняў, глухія працяжнікі, як сцёртыя з аблічча звычайнай школьнай гумкай, а — таксама: нажніцы, таплякі, абцасы, шпрыцы, воўчыя ягады, вілы, іголкі, англійскія замкі...

Але гэта было дзіўнае супадзенне вачэй, хоць і на адлегласці, хоць і на тым грунтоўна-дасканалым бар'еры, які раздзяляў раз і назаўсёды. А ці гэта мне падалося? Вочы ж былі вышэй бар'ера і вышэй саміх нябесных зорак! Яны былі вышэй самай трапяткой паэзіі!


                      2

Бар'ер. Які бар'ер
Мы выдумалі самі?
Чым плацяць за давер?
Я адкажу:
— Вачамі!

Яшчэ ў нас не было
Ні стрэчы, ні расстання.
Адкуль жа б'е святло
Бясконцага світання?

Мне чуецца лягчэй
За променем магічным.
Не пазычаць вачэй.
(Сама магу пазычыць.)

Трывогу прыручу.
Стрыножу пал адчаю.
Я вуснамі маўчу.
Цалую Вас — вачамі!

                      3

Няроўны ўзрост і час.
Жывём як за замкамі.
Не патрывожу Вас
Дарэмнымі званкамі.

Я з лесу. З Лугаўя.
З азерца. I з балота.
I што для Вас мая
Маленькая істота?

I пра якія чары
Нашэпча Вам мой луг?
Сямейны, звыклы круг —
Далёка не ганчарны!

О хай Вам сняцца сны
І хоць адзін — прарочы!
...Да неба ці вясны
Мяне прыбілі вочы?

                      4

У глыбіні начэй,
Дзе светлячкі лунаюць,
Не вынесу вачэй!
Яны па мне страляюць.

Што робіцца з вясной:
Кіпіць, сышоўшы з тропу.
...Яны ж бягуць за мной
З вясновага патопу.

Што дзеецца з душой:
Затоплена вачамі.
Між гордай цішынёй —
Я ўскрык. А Вы — маўчанне.

Шуміць і скача свет,
Расхрыстаны і босы.
Банальны мой сюжэт:
Я — поле. Вы — нябёсы.

                      5

Мама, нада мною не журыся,
Не шукай гаючае травы.
Бачыш, як высока узняліся
Нашы песні — нашы журавы.

Родная, мо досыць на парозе
Каратаць жыццёвыя кругі?
...Як адзін загіне у дарозе —
Вернецца, не згубіцца другі.

Не Яга, не злая патароча
Мне ў маленстве сцежку перайшла.
I калі не сплю глыбокай ноччу —
Гэта ад высокага святла.

Мілая, то лёс мяне сурочыў,
Каб заўсёды зорнаю была.
I калі пяю глыбокай ноччу —
Гэта ад нязгаснага святла.

Пэўна, буду паміраць я двойчы
У імя азёр і зорных ніў.
На паўнеба сёння — толькі вочы
Спеўны лес удзячна запаліў.

                      6

Крыляйце, журавы
Высокага адчаю.
...О гэтак блізка Вы
Не небам — а вачамі!

Аціхнуць паплавы.
I бор пазалачае.
...О гэтак ясна Вы
Не словам — а вачамі!

Трывушчы мой народ,
А песняю — параніш.
Хай схлусіць хіжы рот.
Вачамі — не падманеш.

Дзень добры, зоў і рух,
Грыбная аблачына!
Хай здрадзіць подлы дух.
Вачамі — немагчыма.

                      7

Абвостраны мой слых
(Як боль разварушыла) —
Не крала зор чужых.
I духам не грашыла.

Але даю зарок,
Нібы пасля патопу.
Ды выхапіць мой зрок
Ваш светлы лік з натоўпу.

Радней і балючэй
Нахлыне азарэнне.
Не апускай вачэй,
Журлівае імгненне!

Святло і вышыня.
Да ласкі свет ахвочы.
...«Паўцарства — за каня!»?
Я аддала б — за вочы!

                      8

Салодкі боль, не знацьмеш ты спачыну.
Кахаю я — і ў тым мая віна.
...Яшчэ адну біблейскую жанчыну
Прыбіла, нібы зорку да акна.

Святло маё, а ты не кропля ў моры!
Няхай заваліць розным тлумам быт.
...Пісала вершы і будзіла зоры
Усё-такі не Ева, а Ліліт.

Святло, ты не мяняешся з гадамі,
Хоць час не толькі промнямі спавіт.
Вачмі якімі свеціш ты, Адаме, —
Ці не вачамі зорнае Ліліт?

Глыбока п'ю шчаслівае маўчанне.
Душа ці зорка высіцца ўгары?
...Пагавары са мной, Зямля, вачамі.
I ты, Сусвет, вачамі гавары.