За дзень пехаты прытаміліся ногі,
Вячэрняе сонца над тынам старым...
Усміхаецца дзед, што, на шчасце, дарогі
Не ўсе валакуцца ў зманашаны Рым.
I я усміхаюся ціха, міжволі
(Вядома, вядома ж, сівенькі, не ўсе!):
Мая ж прывяла мяне ў роднае поле,
На луг, што кунаецца ў ранняй расе.
На міг ад вачэй адвяду я далоні
I ўбачу, што ў гэтых раскошных лугах
Пасуцца яшчэ не апошнія коні
I складзены песні чыесь у стагах.
На міг я адкрыю сабе, што замала
Пражыта ў самотна-зялёным кутку,
Што часта губляла, калі вандравала
Без мэты,
вось гэты лясок і раку.
Я думала, лёсам мне дадзена многа,
I многае, праўда, мне лёс падарыў:
Вось гэтую вечную ў вёску дарогу
I тую бярозку як памяць між ніў.