Бярэш мяне, палоніш зноў...

Сярэдняя: 2.7 (3 галасоў)

Бярэш мяне, палоніш зноў,
Матрыярхат прыроды.
Ты ў буйнай квецені садоў —
Пара любові й згоды.

I запячэ, і зашчыміць,
Як рана нажавая,
У грозных водблісках зарніц
Пара любові й жалю.

I будзе першаю слязой
Нясмертна дол накрыты.
I я прыму цябе з азоў —
Пара любові й крыўды.

З высокай годнасці душы,
З адчайнага напеву,
Ты скажаш мне, як трэба жыць,
Пара любові й гневу!