1
Яе натхнёная і трагічная постаць, высокамастацкая спадчына вабяць усіх, хто адчувае магію слова і ўзлёты чалавечага духу. Жэня Янішчыц… Ясяльдзянка (ад наймення роднай яе ракі Ясельда), як сама называлася, падпісваючы ў юнацтве свае лісты сябрам… Палесся мілае дзіця — пяшчотна клікаў Ніл Гілевіч яе, па-дзіцячы адкрытую, па-ластаўчынаму імклівую ў сваім паэтычным узлёце.
Творца незвычайнай лірычнай пранікнёнасці і красы паяднала ў сабе багаты паэтычны дар, шчаслівы творчы лёс і, на вялікі жаль, глыбокую асабістую драму, што прывяла да трагічнага зыходу. Паміж днём народзінаў і журліваю датаю было сорак гадоў. Усяго сорак! І ўжо дваццаць як яе няма між нас.
Надмагільны помнік на Усходніх могілках у Мінску — прыгожая постаць з крыламі за спінаю. Крылы яе натхнёнасці ўбачыў зрокам таленавіты скульптар Леў Гумілеўскі ці чуў іх шоргат у рухах узрушанай душы? Крылы — уласцівы, сутнасны для яе паэзіі вобраз…
Чаму ж яны, Богам дадзеныя, не ўтрымалі яе аднойчы над халоднаю скамянелай зямлёю? Чаму так рана яна іх склала? У сівой матулі, "перапёлкі жалю", кнігаўкі Жэніных шчымлівых кніг, не стала любай дачкі. У сына Андрэйкі — матулі, якая дыхала ім. У паэзіі не стала майстрыхі-чараўніцы, што ўмела "з нябачных промняў вобраз ткаць". У народа не стала сардэчнай і памяткой дачкі-патрыёткі, якая падаравала яму зорнае, чарадзейнае слова. Трагедыя здарылася 25 лістапада 1988 года, калі Жэня зляцела на зямлю з балкона сваёй кватэры на восьмым паверсе.
Усім, хто любіў яе і ўсё яшчэ журыцца па ёй, застаецца суцяшэнне: духоўна-эстэтычная энергія паэтэсы непадуладная нябыту.
Смерці ў паэта няма —
Ёсць Нараджэнне!
Сказанае пра Максіма Багдановіча ў поўнай меры адносіцца і да яе самой. Жыве трапяткая і цудадзейна-мілагучная паэзія Яўгеніі Янішчыц, абуджаючы ў душы пачуцці любові і жалю…
2
Мяне заўсёды ўражваў яе вобраз. Гэта быў той рэдкі выпадак, калі аблічча творцы і яе лірычнай гераіні, вобраз чалавечы і паэтычны — у гарманічным суладдзі, двухадзінстве.
У мяне захаваліся даўнія лісты Жэні-школьніцы. Пяць дасланых мне лістоў. Гэта быў поціск цёплай сяброўскай рукі ўвесну 1966 года. Тыя пісьмовыя вітанні цяпер успрымаю як пялёсткі незавядальнай кветкі. Тройчы ставіла яна пад "маімі" лістамі подпіс "Ясяльдзянка". У мілагучным слове — паэзія яе ўлюбёных мясцінаў, іх пяшчотнае хараство. Яно, тое слова, дыхае рачною ды лугавою свежасцю. Радкі з ліста: "…была на Ясельдзе. Далёка-далёка заплыла на лодцы. А навокал такая прыгажосць! Стала крыху сумна ад дзівоснае цішыні і белых рачных лілеяў. Напісала некалькі вершаў".
Рака пачынаецца з крыніцы. Там, на родных прасторах, з крыніцы народнага жыцця пачыналася чыстая і смелая рака яе вершаў і паэм, адтуль пракладвала яна рэчышча да акіяна высокай паэзіі.
3
Вясною 1966 года яна завітала ў Брэст. Усмешлівая, з ямачкай на шчацэ і прыўзнятымі куточкамі вуснаў, уся іскрылася маладою любоўю да жыцця. І ў вачах была вясна, і ад слоў ішоў водар, нібы ад маёвых красак.
З Жэнінага ліста: "Што ў мяне новенькага? Мабыць, вясна, што светлым промнем уварвалася ў маё сэрца, і вершы. Разумееш, не магу не пісаць. Дзіўна неяк нават, што вершы пішуцца так лёгка… Няўжо ўсім так лёгка пішацца?!"
Ужо тады, на самым пачатку Жэня была надзвычай патрабавальная да сябе як творцы. "Мне неяк няёмка нават, што ў Мінску мяне лічаць сапраўднай паэтэсай, — пісала яна. — Часам смешна. А я пакуль што настойліва шукаю сябе ў сваіх вершах". І гэта былі плённыя пошукі.
Будзе лета з навальніцай
І вясёлкай над ракой.
Толькі мне не паўтарыцца
А ні летам, ні зімой.
Дзіўна, што і ў самыя раннія яе, светлыя лірычныя споведзі закрадваліся мінорныя ноткі, хоць і непадзельна яшчэ панаваў у сэрцы вясёлкавы настрой.
У траўні 1966 года Жэня прыслала свой фотаздымак: стаіць пад раскошна квітнеючай яблыняй — ззяючая, светлая, з праменна-загадкавай усмешкаю, ясным позіркам і шырока раскрыленымі бровамі. Фотааб'ектыў схапіў імгненне, у якім засталося суцэльнае цвіценне вясновай яблыні і дзявочай вясны, дзявочае красы. На адвароце здымка — васьмірадкоўе. Пачынаецца яно так: "Я жыву ў старане чаромхавай,// Там, дзе Ясельда з ціхай Пінаю…", а завяршаецца прызнаннем: "Я па свеце птушкаю лётаю,// Я уся такая шчаслівая!" Менавіта — уся такая шчаслівая. Пра тое сведчылі і шчырыя вочы, і абаяльная ўсмешка, і вясёлая ямачка на шчацэ.
Ёй здавалася, што і паўсюдна ўладарыць свет хараства, узаемаразумення, што няма ў ім пошасці, вераломства, хамства, здрады, зайздрасці…
Даверлівае дзіця Палесся глядзела на свет зачараванымі вачыма, сэрца юнай паэтэсы было расчынена насцеж, насустрач жыццю. Радкі з ліста: "…учора атрымала ліст з Саюза пісьменнікаў ад Русецкага… Нехта паведаміў яму, што я збіраюся паступаць у Маскоўскі літаратурны інстытут імя Горкага (хоць я і блізка не падыходзіла да гэтай мары!)… Думаю… што мне, зусім яшчэ маладой дзяўчыне, рана туды…" Жэня пытаецца, што я мяркую на гэты конт, піша пра тое, што падзялілася сваімі думкамі з Нілам Гілевічам. І дадае: "…у Маскве ўсё-ўсё выкладаецца на рускай мове. А пісаць для Беларусі і жыць у Маскве — не вялікая прыемнасць…" Вось як мудра разважала наша мілая юная паляшучка. У літаратуру ішла "пісаць для Беларусі" асоба з імем сваёй Бацькаўшчыны, якой ніколі не магла здрадзіць.
4
Калі ў Брэст, дзе я тады жыў, завітала Жэня Янішчыц, прыехаў і Алесь Разанаў з Бярозаўшчыны. І мы разам хадзілі ў адну сям'ю — да былых настаўніц, сёстраў Ніны і Зоі Усціновічаў. Ніна Львоўна Усціновіч хоць з вайны і хварэла, але любіла прыгожае і таксама пісала вершы. І мы, госці, былі то ў ролі дэкламатараў, то ў ролі слухачоў.
"Доўга не забываўся Брэст, — пісала мне Жэня, вярнуўшыся дамоў. — Ды і ці калі-небудзь забудзеш тыя слаўныя два вечары, што правялі ўсёй паэтычнай кагортай!" Заўважу, у кожным сваім лісце яна разам з прывітаннем маёй сям'і перадавала прывітанне і Усціновічам. Памяткою, далікатнаю запомнілася мне яна ў той далёкай і такой блізкай вясне. Увага да людзей, зродненасць з імі, разуменне — гэтыя рысы характару пазней спаўна выявіліся ў яе кніжках. Зборнікі паэзіі, асабліва "На беразе пляча", дзе сярод вершаў змешчана каларытная паэма "Ягадны хутар", і наступныя — "Пара любові і жалю", "Каліна зімы" шчыльна заселены адухоўленымі вобразамі людзей, сардэчнай раднёй, самавітымі землякамі, "інтэлігентамі ад зямлі" ("А што галоўнае ў жыцці? Сцяпан іграў у новым клубе, інтэлігентна хлеб расціў, інтэлігентна дом галубіў"), вобразамі любімых паэтаў; пяшчотай да матулі і сына, а яшчэ пачуццямі драматычнага кахання:
Страшна ноччу мне быць
З гаркатой апантанай.
Ты сказаў: "Адшчыміць,
Заставайся каханай".
Ах, нуда — не бяда
Ў цішыні расстралянай.
На праломе ільда
Застаюся каханай.
5
Упершыню я сустрэўся з Жэняй Янішчыц, калі споўніўся год майму сыну. Яна яго і не бачыла, але не прамінала выпадку, каб выказаць сваю цеплыню і ласку. Пісала: "Пацалуйце за мяне вашага маленькага… Хай расце вялікі-вялікі!"; "…а Руслану абавязкова сыграйце маю любімую песню "Колыбельная" з кінафільма "Гусарская баллада".
Цяпер міжвольна падумалася: як цудоўна, што, нягледзячы на распад шлюбу з Сяргеем Панізьнікам, зведала яна шчасце мацярынства, яго высокі сэнс, святое прызначэнне. Гэта ўзбагаціла яе пачуцці, а праз іх — і паэзію. Якім хараством, якой маральнай чысцінёю, якой самаахвярнаю любоўю, мацярынскай мужнасцю і гордасцю напоўнены крышталь прачулых радкоў:
Гордае шчасцейка, мая сямейка,
Ты па слядах маіх слёз не рассей,
Сыне мой першы,
наіўны Андрэйка,
І сын мой апошні,
мужны Андрэй!
6
Здавалася, найлепшым чынам складваўся Жэнін лёс.
Рана прыйшлі поспехі, напоўніцу разгортваўся паэтычны дар, у які найперш паверыў любімы школьны настаўнік Фёдар Фёдаравіч Цудзіла. Неўзабаве пайшлі шматлікія публікацыі ў рэспубліканскай прэсе; вядомыя паэты Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Алег Лойка з захапленнем віталі новы талент. Жэня паступае ў БДУ. Студэнткай выдае першы зборнік вершаў "Снежныя грамніцы" (1970). Рэзананс быў неверагодны: ажно дзесяць рэцэнзій, поўных захаплення!
Шчасце свяціла ёй тады сонейкам на, здавалася, бясхмарным небе. Бліскучы паэтычны дэбют. Замужжа, якое шмат абяцала. Нараджэнне сыночка. Новыя і новыя вершы ў нас і за межамі Беларусі ў перакладах на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую ды іншыя мовы. Новыя кнігі. Агульнапрызнанасць самабытнага таленту. Заўжды — навідавоку, у эпіцэнтры культурнага і грамадскага жыцця.
Чароўная маладая паэтэса здзіўляла багаццем душы, арганічнасцю таленту, смеласцю вобразаў. "Пачынаецца ўсё з любві", — абвясціла яна сваё творчае крэда. Яе паэзія і пачалася з любові. Да свайго краю, дзе сонца "акрапіла мёдам верасы", да роднай вёскі Рудка на Піншчыне, што "для песні падарыла словы". Да мовы, якую "і заворвалі і закопвалі" і ў якую, нібы ручай, уліваецца "палескі нетаропкі галасок". Да сваіх зямлячак, такіх, як цётка Клава, што засталася "на чатыры пакоі адна", ці бабуля Паланея, у якой было пяць сыноў, а засталося пяць магіл. Ці не ў спагадзе дарагім людзям — выток глыбока чалавечнай паэзіі Янішчыц? Яе сэрца адкрыта і радасці, і болю. Яна адчувае сябе "непрыручанаю птушкай", што ведае і "калючую адзіноту", і "крыгалом бяды". Ля ложка хворай матулі ёй, дачушцы, моцна баляць маміны рукі, яе доля шчыміць пранізлівай нотай.
…Пайшла чорная паласа, як бы хто сурочыў: развод, працяглае пасля наезду машыны лячэнне, трагічная смерць бацькі, стрэс ад цяжкага захворвання сына. Шчырая душа не ўтойвала ад чытача таго, што адбывалася з ёю і ў ёй.
З ліста да Алены Васілевіч: "Абы Андрэйка хутчэй акрыяў. Цяпер у мяне толькі адно — падняць малога саколіка, выстаяць, выжыць! Дасць Бог, і неўзабаве пасвеціць сонейка і ў нашу хату. Ці ж я настолькі правінілася перад Богам?"
...Пісьмаў мне Жэня больш не пісала. Пасля майго пераезду з сям'ёю ў Мінск мы сустракаліся рэдка. Бачыліся звычайна ў Доме літаратара ці абменьваліся тэлефоннымі званкамі. Аднаго разу пры сустрэчы яна прапанавала мне з'ездзіць з ёю і з Нінай Загорскай на Ганцаўшчыну — да Міколы Купрэева.
У канцы кастрычніка 1988 года я зайшоў у рэдакцыю "Маладосці". Пасля кароткай гамонкі з Янкам Сіпаковым падышоў да Жэні, яна працавала за сваім рабочым столікам пры акне. Нагадаў ёй пра намер з'ездзіць да Купрэева: ужо праляцела лета, хутка і восень міне. Пацікавіўся, як яна пачуваецца.
— Ай, Васіль, не пытайся. Зайшоў бы калі…
У голасе быў сум. Я сказаў, што не ведаю адрасу яе новай кватэры. Яна вырвала з настольнага календара лісток, напісала нязменна прыгожым почыркам адрас. Дастала кнігу вершаў і паэм "У шуме жытняга святла" і надпісала: "Дарагім Васілю і Веры з самымі светлымі пачуццямі, з удзячнасцю за блізкае святло і цеплыню. Поспехаў у паэзіі, моцнага здароўя, шчасця ўсёй сям'і! Шчыра і па-зямляцку
Жэня Янішчыц
28. Х. 1988 г."
Хто мог падумаць, што менш як праз месяц яе не стане.
Ішоў апошні Жэнін лістапад. Неяк завітаў да яе. Была гаспадыня гасцінная, уважлівая. Але ад той радаснай любові да жыцця, што калісьці ў ёй літаральна буйнела, ад былой іскрыстасці не засталося і следу…
Апошні раз бачыў яе за два дні да трагедыі. Зайшоў запытацца, калі яна напіша для зборніка "Дзень паэзіі—89", які я ўкладаў, артыкул пра М.Лермантава.
— Ой, Васіль, ты ведаеш, калі мне цяжка, — сказала яна, як толькі я пераступіў парог кватэры. Нібыта абрадавалася. А наконт жа артыкула сказала, што ёй трэба яшчэ трошкі часу…
7
У Жэніным зборніку паэзіі "Ясельда" (1978) ёсць выбітны верш (а які ў яе невыбітны?):
Вунь першая хмара навісла бянтэжна
Над краем.
Легальна зусім і зусім незалежна
Знікаю.
Вось першая кропля апала над борам,
Над гаем…
З гасцінных канапаў і з пышных убораў —
Знікаю.
Знікаю з усмешак на тварах ліслівых,
Няверных…
Уражанне такое, што адбыўся канфлікт чуйнай душы, расчараванай у фальшывым свеце, які калісьці здаваўся ёй такім чыстым, добрым, прыгожым, ледзь не беззаганным. Канфлікт здарыўся і з самой сабою — з сабой былою. З унутранага бунту пачыналася перабудова духоўных сіл, нараджалася новая надзея і вера: "Знікаю, пакуль я сама у сабе не знайшлася…" Далей — мабілізацыя духоўных сіл:
Над смутным днём, раптоўнай катастрофай
Маіх празрыстых вобразаў і сноў,
Паўстану я…
З ударамі лёсу яна змагалася з усёй уласцівай ёй годнасцю:
Як град шалёна б'е,
Нібыта травы косіць.
…Я тая, што ў цябе
Палёгкі не папросіць.
Па-ранейшаму ўсё, што адбывалася ў яе душы і з яе душою, спаўна выяўлялася ў творах, у лірыцы, дагэтуль, лічу, непераўзыдзенай. Аднак змаганне асобы мужнай, але надзвычай адчувальнай і ранімай, з цэлым натоўпам заганаў свету спаліць яе душэўную энергію і давядзе да адчайнай роспачы. Як некалі яна зачароўвалася жыццём, так цяпер ці не ва ўсім расчароўвалася, адчувала адзіноту, смутак.
Была мішэнню ў цэнтры круга,
Лічыла дні балючых страт…
Што ж мне рабіць з любоўю друга,
Які не друг мне і не брат?
У бязлітасным сутыкненні словы з яе зачараванай вясны "Я уся такая шчаслівая!" разбіліся аб ледзяное-безнадзейнае: "І вось іду — уся глуханямая".
Ад неабсяжнага шчасця да пакут збалелага сэрца аказалася так недалёка!
Шмат пра што гавораць радкі яе апошніх інтымных вершаў: "Кахаем так, як на вайне —//Па самай кроўнай міласці.//Я зразумела: болей мне//Разлук з табой не вынесці". Відавочная драма ўсёпаглынальнага, узнёслага кахання перарастала ў глыбокую трагедыю. З верша "Наіўныя, ўлюбёныя гады…":
Апошні дар, апошні ўдар жыцця?
Гракамі перакрэслена світанне.
Да забыцця жыву, да знебыцця
Таго, што называлася каханнем.
Гэта былі пякельныя іскры пажару душы ці град, выкліканы нейкім зямным цыклонам? З бедамі сваімі заставалася яна часта адна, сам-насам. Шкадую: не прыдаў значэння знячэўку пачутым словам, што да яе прыйшоў глабальны спакой…
Напэўна, вершы ратавалі яе да пары, хаця мы ведаем, што такое — заўсёднае знаходжанне, кажучы словамі Ясеніна, "на каторге чувств" (дарэчы тут згадаць і Жэніны радкі з верша "Паэтэса": "Дзяўчынцы хочацца ў паэты,//Што ў катаржанкі, — дзе ж ёй знаць?!").
Ратунку не знайшлося ад самоты не толькі чыста асабістай. Вострым болем праціналі яе беды, што абрынуліся на родную зямлю. Найперш — несуцяшальныя перамены ў палескай вёсцы, якая спрадвеку была асновай маральнай чысціні народа, крыніцай духоўнага і творчага ўзлёту паэтэсы. Усё часцей з-пад пяра летуценніцы выходзілі пранізліва-праблемныя творы, да прыкладу — "Зорная паэма" ды цэлы шэраг вершаў, у адным з якіх ("Наконт гарадскога мыслення") пастаўлена публіцыстычнае пытанне: "А хто ж яе, вёску, ўдавою пакінуў,//Хто школы паціху ды клубы закрыў?" Сярод вершаў, якія аўтарка не паспела ўключыць у апошні свой зборнік, звяртае на сябе ўвагу "Чаша". Чарнобыльская катастрофа прынесла смяротную небяспеку ўсяму, што жыло, квітнела, абнадзейвала пад небам Бацькаўшчыны:
Горка на чарнобыльскім Палессі,
Хоць збірай майно на Калыму.
………………………………
Журавы гуртуюцца журліва,
І чарнее корань у сасны.
Бачу, як хістаецца жахліва,
Як трымціць на вагах шар зямны…
А хіба магла змірыцца з тым, што ў далёкім Афганістане ні за што гінуць нашы беларускія хлопцы? Або ці магла не асудзіць страшэнную жорсткасць сталінскай таталітарнай сістэмы ў вершы "Над хронікай 30-х гадоў":
Які разгул шалёным капытам,
А здзекаў жах, нібы ў сярэднявеччы!
І Д'ябал у Суддзі перапытаў:
Таленавіты? Значыць, небяспечны!
Не магу не згадаць і прозы Яўгеніі Янішчыц. У апавяданні "Кошык бульбы", змешчаным у зборніку "Выбранае" (2000 г.), яна паказала бяду вясковае кабеты, матулі трох дзяцей, якую пасадзілі за кош калгаснае бульбы.. Тут ёсць што прачытаць! Дзіву даешся, як Жэня валодала не толькі лірычнай мовай, а і гумарам, іроніяй, як дасканала ведала народную лексіку і як умела слухаць палешукоў! Зрэшты, тут кожны знойдзе нешта на свой густ.
8
Нам засталася спадчына, скарбы сэрца і розуму непаўторнай творцы. Засталася пяшчотная, акрыленая і рамантычна-ўзнёслая паэзія, якая не абыходзіць балючых праблем сучаснасці. Валодаючы чарамі мастацкага слова, Жэня здолела перадаць складаны і зменлівы стан чалавечай душы, дзе сутыкаюцца святло і морак, захапленне і расчараванне, радасць і туга, надзея і адчай. Усё ў яе творах глыбока ўражвае. Яе інтымная лірыка — у шэрагу найвышэйшых дасягненняў беларускай паэзіі. У ёй знаходзім роздум над сэнсам жыцця (паэма "Акно ў дождж")… Арганічным спалучэннем верша і вершаванай прозы ў лістах да маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата ўражвае ў паэме "Ягадны хутар". У "Зорнай паэме" набатам гучыць трывога перад стратаю грамадствам маральных і духоўных арыенціраў. І ўсё поўніцца глыбіннай любоўю да "белабярозавага кута" — палескага краю.
* * *
Усякая зорка, згараючы, пасылае сусвету святло. Жэня Янішчыц згарала напоўніцу, не шкадуючы сябе. У яе сардэчнай і мужнай паэзіі нямала афарыстычнага. Варта запамятаць:
Тады магутная дзяржава,
Калі вялікі ў ёй народ.
Як наказ грамадству прачытваюцца яе многія вершы, што могуць служыць эпіграфамі.
Узвядзём жа культуру ў культ,
Ачышчэнне душы — непазбежна!
А як тонка адчувала яна прыроду, яе таямнічасць:
Адкрыць, сказаць сваё мне нешта хоча
Энергія апалага лістка.
У адным з яе інтымных вершаў ёсць радкі "Над кожным лістападам// Плыве мая журба". У слыннае творцы гэтыя словы нарадзіліся, вядома, ад самоты-адзіноты. Цяпер, калі яе няма з намі, паўтараеш яе радкі як прадчуванне ранняй разлукі з жыццём. І ўжо наша журба плыве над кожным лістападам яе трагічнага лёсу.
Чым больш аддаляемся ад зямнога шляху Жэні Янішчыц, тым больш упэўніваемся: здзейсненае ёю на зямлі прадыктавана НЕБАМ. Яе літаратурная спадчына — не што іншае, як шчодры дарунак высокага святла.
Пашырэнне межаў яе гаючага ўздзеяння на чалавека непазбежнае і ў новым стагоддзі. Калі загучала Жэніна паэзія ў іншых краінах, на іншых мовах, то, можа, стане сорамна тым, хто дагэтуль не выдаў яе спадчыны ў найбольш поўным аб'ёме ў Мінску? Выдаць неабходна яе вершы, паэмы, апавяданні, пераклады, публіцыстыку, крытыку, выбраныя лісты і прысвечаныя ёй творы.
Трэба паклапаціцца пра выданне дыска з яе песнямі і з вершамі, якія яна чытала лепш за найлепшых артыстак і якія, на радасць усім нам, захаваліся ў фондах радыё.
Ушанаванне і ўвекавечанне памяці Янішчыц — не толькі святы клопат пісьменніцкай суполкі, гэта і абавязак адпаведных уладных структур.
Музей у роднай школе, бібліятэка і вуліца яе імя ў Пінску — гэта цудоўна! Ушанаванне памяці слаўнай дачкі Бацькаўшчыны на яе радзіме, на Піншчыне, выклікае гордасць за яе землякоў. Але Яўгенія Янішчыц — з'ява не рэгіянальная, а агульнанацыянальная. Хай жа будзе сорам тым, хто мае дачыненне да захавання недарэчных у нас назваў сталічных вуліц (прыкладам, Саламяная, Балотная, Ангарская, Байкальская, Енісейская, Вялікаморская, Волжская, Аўрораўская і ім падобных), калі ў сталіцы няма вуліцы імя славутай Яўгеніі Янішчыц…
Стаўленне да памяці заслужаных перад Айчынай — ці не першы паказчык узроўню культуры."Узвядзём жа культуру ў культ!.." — заклікала незабыўная Жэня.
Васіль Жуковіч
I сапраўды, як птушка, узнялася яна ў 70-я гады. “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978) — па гэтых паэтычных зборніках адбылося маё першае, завочнае, знаёмства з зямлячкай. А потым сустрэча ў рэдакцыі “Сельской газеты”, дзе Жэня працавала літаратурным кансультантам, а я — студэнт журфака — прыйшоў практыкавацца ў аддзел культуры. Там заўсёды былі кветкі, а надвячоркам гарэла настольная лямпа. Да гэтага часу помню цеплыню яе адносінаў, да гэтага часу адчуваю добрую ауру таго невялікага рэдакцыйнага пакойчыка, у якім працавала Жэня.
Здавалася, кожнаму яна хацела дапамагчы, кожнаму зычыла шчасця, прыгажосці, чалавечнасці. Таму што сама была Чалавекам шчодрай душы, валодала магутным Талентам. Адсюль, мабыць, і празмерная яе ранімасць, і нейкая непрыстасаванасць да суровых рэалій жыцця, і пастаянная трывога за будучыню. Чуйная да роднага слова, да ўсяго, што звязвала чалавека з роднай зямлёй, з Бацькаўшчынай, Яўгенія Янішчыц заўсёды ўражвала прагай сцвярджэння высокачалавечых адносінаў паміж людзьмі.
Вось такой я ведаю сваю знакамітую зямлячку, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.
Уладзімір Андрыевіч
Мілая, мілая Жэнечка!..
Перачытвала твае лісты да мяне і зноў пашкадавала, што іх усяго — пяць, што і мы аддалі перавагу тэлефонным перамовам... “Як быццам, жыццё бясконцае і дзесьці “там” — можна будзе сазваніцца”.
Гэта твае радкі чатырнаццацігадовай даўнасці...
У апошнім выданні адрасна-тэлефоннага даведніка пісьменнікаў ужо ані адраса, ані тэлефона твайго няма...
А з белага поля тваіх лістоў, з гэтых рознафарматных аркушыкаў, прыгожа засеяных тваёй рукою думкамі і пачуццямі тваімі, ты ані тады, ані цяпер не знікала і не знікнеш, жывая і абліччам, і голасам.
Твае радкі, напачатку роўненькія, ад чвэрці аркушыка ўсё круцей і круцей скошваюцца злева направа, нібыта ты няўтрымна слізгаеш з гары...А ты разважлівая і амаль спакойная...
Заўсёды глыбока ўдзячная іншым за ўвагу да цябе і да таго, як і чым ты жывеш, што і як ствараеш...
Заўсёды чулая і шчырая ўласнай зацікаўленасцю жыццём і станам душы блізкіх табе людзей і часовых спадарожнікаў...
Памятаеш, як на адным з пісьменніцкіх з'ездаў у перапынку да цябе падышоў маладзенькі паэт з букетам гваздзікоў, каб падзякаваць за падтрымку ў “Маладосці”? Ты ажно запаланела ад неспадзеву і хвілёвай разгубленасці...
А потым, калі БТ брала ў мяне інтэрв'ю, ты паклала тыя кветкі мне на калені, — і гэтай увагай падзялілася...
Ты нікому не адмаўляла ў помачы, і гэтым карысталіся ўсе, і паблізныя, і нават малазнаёмыя табе людзі. Карысталіся не саромеючыся і не ашчаджаючы тваіх ні фізічных сіл, ні нерваў. Ты беспахібна бачыла, хто чаго варты, і чалавечая недасканаласць моцна ўбольвала цябе...
“Шукаюць і дастаюць цяпер мяне ўсе, нават тыя, хто даўно забыў... Іншы раз дзіўлюся, што я, а не цень мой — усім стараецца дапамагчы, а іншы раз (аб чым падумала!) хочацца нейкага роднага цяпла і ўзаемнасці...”
“У “свет” амаль не выходжу, астыла душа ад самалюбаванняў некаторых асоб, ад прэтэнзіі на звышгеніяльнасць, ад ілжывых усялякіх размоў”, — прызнавалася ты.
I пераводзіла гаворку на іншае, — на рамонт кватэры, на лімаўскую публікацыю вершаў, на тэлеспектакль “Гэта я, Госпадзе” па творах Р. Кента...
“А мы ж павінны заўважаць і гэтае добрае, харошае, што ёсць у кожнай краіне. Гэта справа не толькі ўзаемапаразумення паміж народамі, але — і палітыка міру!”
Гэта я слухаю цябе яшчэ ў 1980-м годзе, Жэнечка... Не паслухалася толькі тваёй парады “па гэтых гарачых слядах» зрабіць «нейкую вершаваную рэч (тут можна выкарыстаць думкі, разважанні самога Р. К.) і — наша разуменне мастацтва!”...Не згадаю ўжо, чаму не паслухалася... Пэўна, таму, што “выклалася” ў сцэнары...
Дарэчы, а калі ты сама ездзіла ў Амерыку як прадстаўніца Беларусі ў ААН? Не памятаю года. Трэба пагартаць твае кніжкі, у цябе ж цэлы «замежны» цыкл тады стварыўся.
Пачакай-но, зараз гляну... Ага, вось. Зборнік “Пара любові і жалю”, 3-ці раздзел:
Да чужога не звыкліся вочы,
Сэрца цепліць гаючы ўспамін.
Можа, свет пераменіцца тройчы —
Келіх роднага неба адзін!
Нью-Йорк — Мінск, 1981—1982.
I вочы не звыкліся (каго ж са звычайнага люду пускалі тады за мяжу?), і ўспрыманне было непазбежна запраграмаванае (мэтанакіраванай ідэалагічнай “прамыўкай мазгоў”)...
У цябе няма выпадковых радкоў.
...А вуліцы, адкрытыя, як язвы, —
Хоць і вітрыны золатам зіхацяць...
...а ў радыё рыдае настальгія
Адступніка Эміля Гараўца...
Я свядома выдзяляю прамоўленае табой.
“Быў час, быў век, была эпоха” ...(Дый ці мінулася ўсё тое?..)
...Не ў самагубстве сілы соль,
Хоць ёсць тут знак пратэста.
Я свядома выдзяляю прамоўленае табой...
Я ведаю, як не прымала ты хлуслівы, прагматычны, абыякі да індывідуальнасці, да пакутаў чалавечай душы свет...
I як шанавала шчырую сяброўскую прыязнасць і ласку, якой не бывае — завельмі...
Памятаеш, як зладжана спявалася нам у нячастыя нашы сустрэчы ці то ў мінскім тэатры, ці ў мяне дома?..
Ты такая ўзнёслая, і прасветленая, і даверлівая, і прыгожая была ў тыя незабыўныя хвіліны!..
Дый песні ж, бо тыя ўсе беларускія нашы — пра долю...
Зараз я разам з Алесем Каско складаю анталогію беларускай лірыкі кахання — салідны такі томік быць абяцаецца, старонак на трыста. У нас насамрэч моцная любоўная паэзія! Почасту вельмі цяжка спыніцца на якімсьці адным ці двух вершах, калі іх у таго паэта — цудоўных! — дзесяткі.
Мы ніколі не закраналі з табой нашага патаемнага — кахання. Ні ў размовах, ні ў лістах...
Ведаеш, што тваё я выбрала ў анталогію?.. “Дзе ты прапала?” і “Заставайся каханай!”
Хоць просяцца і “Адыдуць, як сон, нагаворы...”, і “Я пачакаю”, і “Кантрасты” (...“Чорны воран над белаю ружай, Як над выстылым сэрцам маім”...), і..., і..., і...!...
У тваіх інтымных вершах столькі скрухі і столькі — годнасці!
...Спазнала толькі я азы кахання?
Ды і ў такім няшчаснай не была
...Адчула я хіба што боль па ласцы,
Але і ў ім — жабрачкай не была.
...Я аціхаю, быццам не мая
Душа ўва мне, а спрэс адчай і мука.
Ты побач, тут. I ад таго ўдвая
Мне балючэй аклятая разлука.
“Нешта ўсё невясёлае пайшло, не так, як трэба, не так, як магло б быць! Душа мая наперажывалася, набалелася таксама”...“Здаецца, што збылося ўсё самае добрае і дрэннае, і наперадзе?..”. Твой падарунак, Жэнечка, — яркі беларускі ручнічок, — цяпер у царкве... Цяпер па ім, як па сцяжынцы, узыходзяць шчырыя малітвы за цябе землякоў тваіх, знаёмых і незнаёмых з табою, а так любімых і так шкадаваных табою...
...Вось яна, як ёсць, перад вачыма
Да канца апошняга з табой
Любая адзіная Айчына
З галубінай матчынай душой...
... Рукавочкам — да рукі,
Паяском — да пояса.
З вамі разам, землякі,
I ў зямлі не боязна!..
...Старана мая харошая,
Варажэі, свацці...
Не, не ўсе лугі пакошаны!
Не ўсе сенажаці!
Мне зноў і зноў схіляцца над старонкамі кніг тваіх, над лістамі тваімі...
Узірацца ў цябе, услухоўвацца...
Ці памятаеш? — Дваццаць пятага ліпеня васьмідзесятага года ты адарыла мяне і такою ласкай:
...Яшчэ з табой
мы пройдзем пешкам
Усе нязбытныя шляхі.
І будзе ў той дарозе дальняй —
“Паміж сваіх і чужакоў” —
Свяціць праз ноч вянок купальны
З гаручых рос і васількоў.
I будзе полымя крутое
Шугаць з высокага кастра,
Як слова срэбна-трапяткое
Тваё, Старэйшая Сястра!
Дзякуй, Сястрыца!
Гэта — Тваё срэбна-трапяткое слова, якое і вярэдзіць, і ацаляе, і кліча на нязбытныя, чакальныя шляхі Любові.
Дзякуй!