I сапраўды, як птушка, узнялася яна ў 70-я гады. “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978) — па гэтых паэтычных зборніках адбылося маё першае, завочнае, знаёмства з зямлячкай. А потым сустрэча ў рэдакцыі “Сельской газеты”, дзе Жэня працавала літаратурным кансультантам, а я — студэнт журфака — прыйшоў практыкавацца ў аддзел культуры. Там заўсёды былі кветкі, а надвячоркам гарэла настольная лямпа. Да гэтага часу помню цеплыню яе адносінаў, да гэтага часу адчуваю добрую ауру таго невялікага рэдакцыйнага пакойчыка, у якім працавала Жэня.
Здавалася, кожнаму яна хацела дапамагчы, кожнаму зычыла шчасця, прыгажосці, чалавечнасці. Таму што сама была Чалавекам шчодрай душы, валодала магутным Талентам. Адсюль, мабыць, і празмерная яе ранімасць, і нейкая непрыстасаванасць да суровых рэалій жыцця, і пастаянная трывога за будучыню. Чуйная да роднага слова, да ўсяго, што звязвала чалавека з роднай зямлёй, з Бацькаўшчынай, Яўгенія Янішчыц заўсёды ўражвала прагай сцвярджэння высокачалавечых адносінаў паміж людзьмі.
Вось такой я ведаю сваю знакамітую зямлячку, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.
Уладзімір Андрыевіч