Сплыве туман над ярам,
Над быстраю вадой.
А вось — і прыйдзе старасць
З кавенькаю тупой.
Напомніць пра зазімкі
У сцішанай вясне,
Рассыпле фотаздымкі,
Як веерам махне.
I хіба ў нашай волі
Хоць хвілю запыніць?
Яшчэ святла даволі
I нельга не любіць.
Парушым дзень звычайны,
Стандарт свайго жытла.
Яшчэ такой адчайнай
Я ўчора не была.
I покуль снег зляжалы
Вясёлы дождж скубе,
Залётныя,
без жалю
Даверымся сабе!