Забыць на момант дробязі
і гора,
I свет чытаць нанова, па складах,
I ў непагадзь шукаць сабе падвор'я
У музыцы,
у людзях,
у радках.
Зліюся непадзельна з мовай ночы
Далей ад чутак і перасцярог,
Аж цемната пакуль не выесць вочы
I першы промень выдаць не захоча
Па-здрадніцку — ад галавы да ног.
Ну, а пакуль дыктуе сябра-вечар
Мне лініі няўлоўных часам рыс.
I вобраз нада мной ужо трапеча
Адноўлена, нібы вясновы ліст.
Сама ў сябе як след яшчэ не веру.
Ды словы распускаюцца, як мак.
I падае на белую паперу
Наспеўшай думкі старажытны знак.