Сустракаемся так рэдка.
Нават святы
Убаку ад нас жывуць, як хутаркі.
Прывязі — прашу —
Шыпшыны мне і мяты,
Гаварок палескі наш негаваркі.
Пашчыруем
Пад нягаснучым сузор'ем
Ціхай песні,
У прыпеўцы,
У жальбе...
Прывязі мне
Крышку нашага надвор'я,
Што бывае на вяселлі і сяўбе.
Запрашаю...
А самой вось не сядзіцца,
З цёмным борам,
З чыстым полем гавару.
П'ю халодную ваду,
Нібы вадзіцу
На зажынках у спякотную пару.
Як даўно
Мы размінуліся!
Ды самі
Носім горкую
I ціхую віну.
...Бачу —
там ідзеш зялёнымі лугамі
У кашулі
З найтанчэйшага ільну.