Ты ляжыш не на ложку,
а ў жытневым полі.
Мама!
Так мне рукі твае не балелі ніколі.
То пасланы ў пакоі не ходнікі —
саматканыя сцежкі-дарогі.
Мама!
Так ніколі твае не балелі мне ногі.
Я прыйшла, як заўжды, цішынёю тваёю сагрэцца.
Мама!
Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца.
I ружовіцца дзень.
I жыты ўжо чакаюць за хатай,
А табой за паўвека так многа жытоў перажата!..
Ты на ложку ляжыш,
А здаецца, што ў сонечным полі.
Мама!
Так ніколі твая не балела мне доля.
Ты на ложку ляжыш.
I прыціхла за хатай дуброва.
Мама!
Так ніколі, як сёння,
Тваё
Не балела мне слова.