На голас ліры

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

I кожны дзень — гарачы вырай
Здзіўленняў, радасці, клапот.
Так я іду на голас ліры,
Дзе ўсё — фантазія, палёт.

Які зайздросны свет паэта —
З нябачных промняў вобраз ткаць,
I — заміраць на схіле лета,
I ў вольным слове ўваскрасаць!

Яшчэ світаюць і лунаюць
Сузор'і вернасці ў палях.
Няхай грамы ператрасаюць,
Пераварочваюць мой шлях.

Але гудзе любові крылле,
Шчаслівы славячы прыгнёт.
Жыццё маё, і там, на схіле,
Ты ўсё — загадкавы палёт.