Разлука ўпала на траву
Апошняй пазалотаю.
Пакуль жывеш — і я жыву
Святлом і адзінотаю.
У добры шлях! У добры час!
Трывога адкалосіцца.
Смяешся ты —
і я ў адказ,
Хоць смех на слёзы просіцца.
Журбу на лісце раскладу
(Хай з ветрам разлятаецца),
Пакуль ідзеш — і я іду,
I шлях мой не канчаецца.
I хай злятае на траву
Разлука пазалотаю.
Пакуль жывеш — і я жыву
Любоўю і пяшчотаю.