Акно ў дождж

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)
Быў час не позні і не ранні.
Вадой пахрышчаны асфальт
У вужаватым чорным ззянні
Нагадваў мне адценні хваль.
На час спыніліся трамваі,
Сышлі аўтобусы на сон.
I — смешна я ў руцэ трымала
Больш непатрэбны парасон.
Бог з ім, з ахоўным парасонам!
Тутэйшая, я — ад вады
Над гэтай вуліцай бяссоннай
I над гарачкай грамады.
О, колькі іх, дажджоў бязбожных,
Да ніткі зведала!
                             I ўсё ж
Я бласлаўляю дождж абложны
I навальнічны спорны дождж
Пад ім, густым,
                           безабароннай
Наўрад ці выгляджу цяпер.
Хоць пры адной (усё ж!) законнай
Мілуецца мой кавалер.
Наадварот, я нават рада,
Што ўсё сумотнае — у дождж
I што прыяцелькі парада —
Прайсціся пешкам, басанож —
Была не выдумкай калючай...
Без парасона, нарасхліст
Мудрэй адчуць, як волі вучыць
Зеленароты мокры ліст.
А над дажджом пабыць няшкодна,
Каб потым цешыцца цяплом.
Святая праўда маткі роднай:
«Знайдзі накрыты згодай дом».
Прызнацца, чулася іначай
З дзесятак год таму назад
Душой адкрытай, і дзіцячай,
I чыстай, быццам снегапад.
Цікавінка, дзяўчо, былінка,
Я памылялася той час!
...Разбіта шыбіна на шклінкі
У доме тым, дзе помню Вас.

Як позні час ні эканом,—
Мне не было куды спяшацца.
Чамусь хацелася дазнацца,
Што з гэтым сталася акном.
Кляла я брэх сабак дваровых
I правячых начным святлом.
Сто пяць прыступкаў цэментовых
Зафіксавалі мой пад'ём.
Я думала, не буду лішняй
Паміж карцін Яго і тэм
I прашмыгну за дзверы мышкай,
Як хоць на ёту надаем.
Я мысліла ноч абхітрыць
Хоць бы за гэтаю сцяною,
Пакуль гулліва дождж шуміць
I (дзесь!) смяецца нада мною.
Дзвярэй абоі «пад сургуч»
Былі, надзіва, не глухімі.
Вось павярнуўся крута ключ.
—  Шляхамі познімі якімі?
Ох, птушка! Мокрая! Нашчэнт!
Люблю, цаню парыў палёту.
—  А што Вы цэніце яшчэ?
—  Не часта, але адзіноту.
(Ён апусціў пагляд самотны.)
—  А Вы ж, здаецца, не адзін?
—  У чым і соль: добраахвотны
I закарэлы сем'янін.
Традыцыя такая роду
На мудрым прозвішчы маім.
А што датычыцца разводаў —
Гарачка, нерватропка, дым...

Ён усміхнуўся дзіўна неяк,
Дастаў пантофлікі: «Бяры,
Пераабуйся... (Грыбасейны
Дождж расшчадрыўся у двары.)
Гэй, донна-жонка, разбудзіся!»

Яна не спала. I затым
Яе няспешны лік праліўся
Вянцом валосся залатым.
Дзве суразмерныя маршчынкі
Акрэслілі стамлёны лоб.
Яшчэ нядаўняя дзяўчынка —
Спанелая, чаму, з чаго б?
Я ведала яе спакусы,
Яе ўсясвецкі інтарэс
I што яна з пары замуства
Цярпець не можа паэтэс.
(Хоць і сама, скажу дарэчы,
Грашыла музай неўпапад.
Ды мужа бранявыя плечы
Усё ж падказалі, што наўрад
Ёй варта рыфмамі займацца,
Ці варта дзень і ноч карпець
Па-над няўдзячліваю працай...
Бадай яе, лясны мядзведзь!)
О, зразумела: быць натурай
У цэнтры ўсіх зямных трывог —
На вопыце уласнай скуры
Адчуць, які ён — творчы бог!
Але на лёс свой запаветны
Малюся зорам і зямлі.
Калі з'яўляюцца паэты —
Дай бог, каб мужнымі раслі.
Няхай гадуе іх ласкава
I спорны дождж, і першы лёд.
Тады магутная дзяржава —
Калі вялікі ў ёй народ.
А што датычыцца паэтак —
То не такі ўжо тут прамах.
Жапчына-творца — завязь лета
З гарчынкай шчасця на губах.
Ліпнёвы квет ці замець носяць
Яе нязведанай сцягой;
Душа ці кнігаўка галосіць
Над кожнай новаю мяжой?
Круты пад'ём, калі — сямейка:
I згатаваць, і даглядзець,
I паміж тым часінай нейкай
Як наталяючыся — спець! —
Так думалася мне ў зацішшы,
У разрэзе ночы праліўной.
(I донна Анна, паміж іншым,
Нібы згаджалася са мной.)

Яна на пальчыкі прысела,
Памацала крысся разрэз,
Нібыта ўпэўніцца хацела,
Якая ж я у ім — і без.
I пацеркі рукой манерна
Кранула быццам незнарок:
— Ну дзе ж прапалі кавалеры,
Ці творам дадзены аброк?
Няўжо такі — і анікога?
А ці знябыты інтарэс?
Я пасміхнулася: «Дарога —
I ўся, і спрэс — дрымучы лес».
О, жонкі мілыя і дамы,
Не трэба тут шукаць прычын.
Мы ўсе мудрэйшыя з гадамі
У крузе выгадным мужчын.
I хоць вітаемся здалёк, —
Абглядваем, як рэч з прылаўка.
(Цень Святаянава: «Чаёк».)

(Чаёк чамусь падаўся даўкім.)
Піла і думала: «Навошта
Сюды, як дзесяць з гакам год,
Мяне, нібы паштоўку пошта,
Прынесла.
                   А між намі — лёд».
Ліў за сцяною дождж няспынны,
Пакутна гутарка цякла.
Лёд у вачах у гаспадыні,
Лёд у акне заместа шкла.
Лёд паміж слоў і паміж гукаў,
Лёд паглынаў утульны быт.
Драбочкі лёду замест цукру
I ледзяной тахты іспыт.
I голька мёрзлая падзеі —
Наш непрытульны карагод.
Я чула: рукі ледзянелі,
Да сэрца дабіраўся лёд.
Я думала, што недарэчным
Адбыўся мой начны кур'ёз.
Мільгала ледзяная свечка,
Ад ледзяных збяднеўшы слёз.
Пры чым тут пацеркі і ўборы,
Няўжо на іх і ўвесь акцэнт!
— А пішацца мудрэй у горы, —
Я чула, так казаў дацэнт
Аднаго вуза.
I ён жа — крытык і паэт.
Я адказала: «Сімпатычна
Ён думае. I ў тым — сакрэт...»
Затым, маё спыніўшы слова,
Яна, як вопытны знаток,
Адкрыла лірыку Стральцова
І зачытала мне радок.
—  Скажы, трагедыя якая?
Што сталася з яго душой?
—  Пакуль баліць — яшчэ жывая...
—  А што там з вашаю сястрой?
У сорак восем? Нечакана.
Відаць, не думала яна...

(Ўсплыло акно, нібы з туману,
А ці туман усплыў з акна.
Усплыў Яе апошні дзённік,
Журботны, як акна праём.)

—  Па-рознаму за хлеб надзённы
Мы плацім. А яна — жыццём.
Радня... Работа... Магазіны...
Ужо з хваробай — у чарзе.

—  Мужчыны вас любіць павінны.
Вам штосьці часта не вязе.
Вось і ў яе таго кахання...

(З чаго б пяклася за мяне?!)
Быў час не позні і не ранні,
I кактус дыхаў на акне.
Быў парадокс у кожным сказе,
А карацей — інтым-падкоп.
У дарагой напольнай вазе
Абледзянеў жытнёвы сноп.
(А дзесяць год... назад... ці многа?
I тая ж Анна. Толькі ў той —
Не за уласны быт трывога:
Больш натуральнай і зямной.)
Апошняе, нібы пракляцце,
Пытанне ўчула, як праз сон:
—  А многа за радок вам плацяць?

—  На хлеб хапае і на соль.
Яна ўсміхнулася, адчуўшы,
Што інтэрв'ю канчаць пара.
А дождж нясхлынны, невідушчы
Ўсё ліў і ліў, нібы з вядра.
Ён біўся аб сцяну гарохам
I вырываўся з цемнаты...
Яе пушыстыя пантофлі
Прайшлі за мной, як два каты.
У сінім дыме цыгарэтным
Плыў Святаянаў. Што ж, пара
Мне ад гасціннасці фацэтнай
Ды да свайго вугла-двара.
Ірдзела ліхтара шчака,
Што ўслед глядзеўся мне з гасцінай.
(Цень Святаянава: «Чакай,
Вазьмі на памятку карціну.
Хацеў прынесці неяк сам,
Прынесці з Аннаю хацелі,
Вясною гэтай напісаў».)

«Палессе. Птушкі прыляцелі».

Дзе мыс раскошнага квартала,
Там я калісь кватаравала
З трывучай сілаю сялянкі
I з невылечнаю душой,
Абраўшая абрыў бяглянкі
Між росным лугам і шашой.
Мяне так дзіўна прывячалі,
Суцешвалі балючы зрок;
Мяне так шчодра частавалі,
Пакуль — ні слова на радок.
Але глыток святла — прычасце,
Радок — павечная аброць.
Крычыш, але не просіш шчасця
Ты, запакінутая плоць!
Вось так з апратак вырастаем,
Ды часта росту не стае.
Цяпер твае часы насталі,
Паўсюль, Паэзія, твае.
Як цепляцца на завязь словы
I тчэцца музыка на ўток.
Чым не абнова — ліст вясновы
Ці лёну польны паясок?
Душой аслепшы, невідушчы,
Учуеш сэрцам як-ніяк
Зазыўны кліч зубрынай пушчы,
Апошняй, як лацінкі знак.
Разніме памяць рукі весніц,
А дзень аглух. А двор маўчыць.
Так мацеркі знікае песня, 
Калі няма каго вучыць.
Ды ў цішыні бароў напеўных,
У гамане сястрыц-зязюль
Я ў тым шчаслівая, напэўна,
Што не выходзіла адсюль.
Паміж жыццёвага хаосу
Над чарнавой сцягой жыцця
Я так цяпер удзячна лёсу
За міг жыцця, за сэнс жыцця.
Зачую ў полі песню-жнейку,
А ці крынічанькі струмок, —
I як лазовую жалейку,
Трымаю мовы веташок.
Куваюць у лясах зязюлі,
I мёдам дыхаюць бары.
Шчэ столькі песень у бабулі
Не перанялі «Песняры»!
Паклон ім, жніўным і калядным,
Жартоўным, сумным, і — крутым,
I, як бяздонне, — непраглядным,
I, нібы сонца, — залатым.
Паклон ім — мілым, галубіным,
Арліным! Высіцца іх лёт.
Тады магутная краіна —
Калі пявучы ў ёй парод.
...Быў час не позні і не ранні.
У чатырох сваіх вуглах
Я думала, што не растане,
Не зарасце драсёнам шлях
Ад сэрца к сэрцу... Дождж прачысты
Усё пагульваў спакваля.
I траўкай кожнай, кожным лістам
Натхнёна дыхала зямля.
Я думала, што ў донны Анны
Прайшла сумяціца начы,
А ў Святаянава — жаданы
Мастацкі выткаўся зачын.
Цяпер яны завараць каву,
Узвысяць свой сямейны шчыт
I, як вясёлую праяву,
Успрымуць позні мой візіт.
I я патроху адсумую
Праз горкі мёд, праз колкі лёд.
Эх, часта ж рэўнасць наўдалую
Па сэрцах б'е жаноцкі род!
Я добра знаю, донна Анна,
З журбот уласнага быцця,
Што надта ж цяжка быць каханай
На працягу ўсяго жыцця.
Глядзіш: расце, расце узгорак
Наскрозь лядовы з-пад павек.
Трывожны час, калі — за сорак,
У народзе кажуць: бабін век.
Цану адведаўшая плёткі,
Калючае, нібы агрэст,
Пытаюся ў вясковай цёткі,
У чым жыцця сямейны змест.
Патрыятычны сказ у цётак:
«Як нецвярозы дух злаўлю —
Іду ў гарод і дваццаць сотак
На тэй гарачцы прапалю.
Глядзіш, назаўтра — як шаўковы,
Хоць ты з яго вяроўкі ві:
Габлюе, косіць, коле дровы,
Ну, і клянецца у любві.
Ну, а любві тае, вядома, —
Што дзеткі ёсць і цёплы дом.
Любоў жа часам як салома:
Падпаліш — дыхай папялком.
Бувае, што й ад слёз не спіцца
I душыць грудзі крыўды ком.
Бувае ўсякае, сініца...
А дзе ж накрыты згодай дом?
А колькі тых па вёсцы плётак! —
Хоць вочы хусткай завяжы...»
Зямны, як праўда, змест у цётак
I мудры, што там ні кажы!
I мо таму, з таго ж «сваяцтва» —
Са спрэчкі з плёткай сакаўной
I нараджаецца мастацтва,
Не раз абмытае слязой.
Мой даўні сябра Святаянаў
З юнацкай светлае пары,
Вось промень сонца ветла глянуў,
Душы аціхнуў боль стары.
Жыцця рашаючы задачу,
Як школьніца, яго вучу.
Нячутна над сабой заплачу
I утрапёна памаўчу.
Як часам доўга развідняе!
Ды разам з радасцю — спалох.
Маланка шлях перажагнае,
Пяройдзе дзень чартапалох.
Журба, не мне табой журыцца.
Эх, крохкі ранняй славы лёд!
Шчэ завіхурыцца, замгліцца
Суцэльна высакосны год.
За безаглядныя учынкі,
За незваротную любоў
Бянтэжыцца душа-дзяўчынка
У нявыказным палоне слоў.
А словы — што! Ёсць толькі песня,
I ў ёй, вядома, сэнс такі:
Калі ў душы ад сэрца цесна,
То нараджаюцца радкі.
Мой светлы сябра Святаянаў,
Не трэба нас, жанчын, мірыць.
Святло праглянецца з туману,
Дасць бог, адчай перасмыліць.
I жыць нанова — асалода,
Страчаючы вясну надзей.
Заднее ў сотнях вокан згода
I ў тым акне, дзе згаснуў дзень.
...Рукой дастаць да аблачыны.
...Забыць, што страчана даўно.
I беспрычынна, і з прычыны
Сваё расшторваю акно.

Зорная паэма

Сярэдняя: 3.3 (9 галасоў)
                  Мой родны кут, як ты мне мілы!..
                                                            Якуб Колас

                                 1

Светла. Птушынай радні адгалоскі.
Травы ў празорай расе.
Як скарачаецца шлях мой у вёску! —
Нібыта вецер на крылах нясе.
Што там сягоння ў Сусвеце і ў свеце:
Войны? Радзіны? Салют?
Сэрцу збалеламу ёсць на прыкмеце
Белабярозавы кут.
Шчодра ў барозны засыпаны зёрны.
Вечнасць пульсуе быстрой.
Я развінаю дасвецце.
                                    А зоры —
Кожная! — ветлай сястрой.
Вокнаў ліштва і варотцаў узоры —
Край на умельцаў багат.
Свецяць на хатах фанерныя зоры —
Душы Айчынных салдат.
У гэтай зямной і зялёнай купелі,
Дзе і казюрка да сонейка мкне,
Татачка,
               нагаварыцца не ўспелі!
З помніка ты усміхаешся мне.
Полем сівых перапёлак і бою
Ходзіць балюча — ахоўны твой цень,
Толькі душа скаланецца ад болю:
Жыта на мінах дагэтуль расце!
Дзятлік-урач і вавёрачка рыжая,
Вецер гаркавы, як пах буякоў.
Можа,
           хоць тут ані згадкі пра хіжасць
I дэмагогію спрытных дзялкоў...
Зоры лясныя і зоры азёрныя!
Цягнецца ў неба любові вярста.
Сына вязу, каб спрадвечнае, чорнае
Працы, як дзед яго, мужна спытаў.
Сцежка ў маленстве віруе, вяртаецца
Між курганоў і шчымлівых бяроз.
Усё, што забылася, — успамінаецца
I адгукаецца ў сэрцы да слёз.

Цёплымі промнямі дзень запарушаны.
Чуйнай зязюляй аклікнецца бор.
...Сад мой дзіцячы — калючая груша,
Бабка Луцэя ды сіні прастор.
Пахне аерам на Сёмуху ў хаце,
Ранак стрыжэ растрывожаны стрыж.
Будзіць па зорцы, шкадуючы, маці:
«Ягады, дзетка, няўзгадкі праспіш».
Першым сярпочкам парэзаны пальцы
(Доўга той боль заглушыць не магу!),
Жартачкі горкія: шустрыя мальцы
У інваліда сцягнулі «нагу».
Думаю: як жа ён будзе, збалелы?
Стане як потым ступаць па зямлю?
Толькі смяецца баец асівелы:
«Лепшую заўтра, паганцы, зраблю!»
Нібы снапкі, на падлозе паснулі
Дзеці,
           хоць стол іхні — гол як сакол.
Пяцера сірат у цёткі Настулі,
Цётка Настуля — жняярка і вол.
Ды не сумуюць панікла вяскоўцы:
У кожнага нібы жар-птушка ў душы,
Чуеце? — сыплецца рэхам па вёсцы
Грайка-гармонік, хоць іскры тушы:
          Хлопцы ўсе гуляць ідуць,
          А мне нечага абуць:
          Лапці новыя згарэлі,
          I страхоўкі не даюць.

...Што ж там сягоння ў Сусвеце
                                                       і ў свеце?
Кожная болька — радня.
Новыя зрухі пайшлі ў сельсавеце,
Хоць і Загразкіна ў ім старшыня.
Час расхінае мярэжы і межы,
Мае празорцаў сваіх, дактароў.
Выраслі новыя ў вёсцы катэджы
Заміж былых агароджаў-двароў.
Шыферам новая вёска накрыта,
Мудрым нашчадкам спяваць ды расці!..

З гускамі век дажывае Харыта,
Ў дом састарэлых не хоча ісці.
Скажа паштарка мне ў ціхім дакоры,
Нібы прад'явіць віну:
«Дзеці рассыпаны, нібыта зоры,
Згоркне — на неба зірну».
Дзеці цярплівае маці-прыроды —
Лёгкія мроі, нязбытныя сны, —
Хто нам пасведчанні жывёлаводаў
Выдаў за клас выпускны?
Ах, як разбегліся ўсе адмыслова
Як пайхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!
Любім на словах. Бунтуем на словах.
I славасловім праграмны наш век.
Цывілізацыі зорная з'ява
З векам раскошным ідзе неўпапад.
Грукнула ў сэрцы глухая аб'ява
На замяшчэнне вакантных «пасад»:
1.  Старшыні (убытачнага калгаса)
2.  Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы
     (хоць бы на час ацёлу кароў)
3.  Клубнага работніка (які б разбіраўся
     не толькі ў замежным рэпертуары)
4.  Прадаўца сельмага (які б падманваў
     пакупнікоў не больш хаця б чым на 1—2 кап.)
5.  Конюха (які шануе жывёлу не менш,
     чым уласны аўтамабіль)
6.  Механізатараў (6 чал.)
7.  Даярак (8 чал.)
8.  Даглядчыкаў цялят (4 чал.)
9.  ...............................................

Прагне зямелька пляча абароннага,
Просіць за бульбу, за лён і траву.
Грэшна вініць мне кагосьці старонняга,
Бо і сама без выгод не жыву!
Сэрца ў бянтэжным адчаі зайшлося
(Мушу радкі прыгадаць!),
Толькі Анэткам маім і Антосям
Часу нямашка чытаць.
Маміна доля з вайны калядуе,
Але ні разу не ўчула я ўсхліп.
Думная, чыстасардэчна бядуе:
«Высах калодзеж, хоць жыта насып».
Губы апёкшы на малацэ,
Мовіць сівы засмучоны дарайца:
«Бусел — ці чулі? — палюе на зайца!
Скончыўся жабін канцэрт.
А то дажджы як з вядра. Недарод.
Засуха б'е па прагнозах зачаста,
Мала цяпер хадакоў у народ,
Болей цяпер хадуноў у начальства».
Свеце мой гостры, адчужаны, блізкі —
Бура з зацішкам і з полымем лёд.
А у канторы —
                           прыпіскі, адпіскі —
Трэці бухгалтар змяніўся за год.
Вучаць сардэчнасці кнігі, экраны,
Ды не знікаюць паклёп і падман.
Горка: канаюць вайны ветэраны
Часта зусім не ад вогненных ран.
Льецца ялей, як вадзіца праз рэшата,
Век папяровы: «прадаць — купіць».
А ці пазбыта сумленне дарэшты,
А ці дзяржава скрозь пальцы глядзіць?
Іншыя звышвыкшталцоныя цацы
Ўежна ядуць, але долю клянуць
(Не паспяваюць за модай угнацца!):
Не паспяваюць даяркі заснуць.
Сіла зямлі — мнагадзетныя маці
Не паспяваюць прыбраць-згатаваць;
Не паспявае спартыўная брацця
На чамаданах наклейкі мяняць.
Брата адзежына мокне ў салярцы,
Слушна дапёк мяне, негаваркі:
«Дайце належную ўвагу даярцы! —
Хай пачакае там пэцкаль які!»
Блізенька сядзем, сялянкі і дамы, —
Зблізіцца, ох, як пара,
Можа, таму, што гадамі-радамі
Людзі счакаліся Гаспадара!
Рукі да рук — як нястомныя кросны.
Здолеем выткаць наш лёс.
Час высакосны і боль высакосны
У свеце ваенных пагроз.
Маці-краіна! Краю мой мілы!
Брату паможаш, сам не з'ясі.
...Бачыш, сыночак, дзве свежых магілы?
Дык папасі ты і за Гаўрылу,
За Міканора кароў папасі!
Жэўжык мой лёгкі, як вецер у жыце,
Светлай прыроды забава — хлапчук,
Дроў насячы ссірацелай Харыце,
Каб гартаваўся надзейны плячук.
Мо па-жаночы прашу цябе слёзна,
Але хачу, каб запомніў урок:
Заўтра любіць — памагаць будзе позна,
Людзі, як зоркі, згасаюць, сынок.
З веку іконнага аж да нейтроннага
Нашага смутку не гасне імша.
Сыне, ў халёнага, хамелеоннага,
Прыстасаванага і не ўлюбёнага
У нашу зямлю — не уздрыгне душа.

Круціцца, нібыта жорны, планета.
Смерці змяючай зацята пятля.
Плуг аратая і ліру паэта
Ты уздымі над сабою, зямля!
Крышыцца, нібыта жорны, планета,
Людства гудзе, нібы пчолы з вулля.
Покуль не чорныя воблакі — светла!
Светла, пакуль зелянее зямля.
Светла ад лотаці ў завадзі зброснелай.
Коні шукаюць ракі.
Крылы ў адных развінулі нябёсах
Ястрабы і жаўрукі.
Край нездарма сінявокім завецца —
Сіне і светла душы.
Выпаўзлі з нораў на сонцы пагрэцца
Яшчары і мурашы.
Сонечна. Светлараскрылена. Весне.
Ранак. I ранне жыцця.
Чую! Не змоўкла радзімая песня —
Спеўна жанчына люляе дзіця.
Буслікаў светлых крыляе дружына.
Вецер гуллівы сядлае каня.
Да вадапою знаёмай сцяжынай
Ціха ласіха вядзе ласяня.
Мілы мой сын, залатая малеча, —
Почыркам ясным пішы!

Сілай адной знітаваны навечна
Прашчуры і мурашы.

                             2

               Зорка Венера ўзышла нал зямлёю...
                                              Максім Багдановіч

Вось і з дарогі. А скруха — з парогу
(Бы не ішла, неадчэпная, ўслед!):
«Выклічце «хуткую, — мне, — дапамогу»», —
Просіць мяне захварэлы сусед.
«Выклічу, як жа! А Вы паляжыце».
(Цяжка і стомлена дыхае ён.)
Выкліча хто «дапамогу» Харыце? —
Там жа, на вёску, адзін тэлефон!
Вось і урач найвышэйшага класу.
Сорак хвілін у змаганні за лёс.
(Выкліча хто «дапамогу» калгасу:
Жыта палегла і вымак авёс!)
Думна і гэтак трывожна на свеце,
Нібы лістку на спусцелым галлі.
Бомбы падпёрлі дыханне планеце:
Выкліча хто «дапамогу» Зямлі?!
         Зорная поўнач святлюткай сястрою,
Зорны трапеча за шыбкаю ліст.
Я на пяшчоту гадзіннік настрою,
Але спружыніць у ім механізм.
Змоўклым гадзіннікам век нас лякае,
Збоем апошніх світальных мінут.
Кроўю планета ужо набракае,
Але паўзе тэрмаядзерны спрут.
Дзесьці не спяць знепакоена маці,
Стогне зямля у гарачай крыві.
Стрэлкі шукаюць на цыферблаце
Міру, лагоды, братэрства, любві.
Людзі. Анёлы і д'яблы. Міране.
Плыць альбо не дабрыні караблю...
Што табе, сэрца, сыграць на кургане,
Як не малітву за маці-зямлю!
Ах, шматутульныя шматпавярхоўкі...
Добра мне жыць. Але сэрца шчыміць:
Солі ў суседа пазычыць нялоўка,
Боязна сэрца ў адчаі раскрыць.
Усё пераблытана: хмары, хімеры,
Прорва і мост, справядлівасць і суд.
Смешна прызнацца ў каханні... паперы:
Чыстая, колькі сцярпела пакут!
Ах, пераможцы уласных мішэняў,
Саладкалюбцы прыгод і карон...
Свет, ты гукаеш, нібы мнагажэнец,
Праз міліёны адкрытых акон.
Светла-вішнёвы і цвет ясянёвы
Ціха плыве над зямлёй, як кілім.
Сэрца вясновае просіць любові, —
Атамны воран цікуе за ім?
Людзі, жывыя мы ў думках і плоці.
Бусел распятым крыжом на страсе.
Кроіцца час блаславёных эмоцый, —
Робат жалезны пачуцці пасе?
Людзі, мы тыя ж — аўто і трамваі
Спрэс — у палоне мінут
Самі сябе на падножках трымаем,
Покуль не скончыцца спешны маршрут.
Бачылі вы варону ў кароме
Або як лекцыі шпарыць павук?
Час намяшаўся на абаронах,
На эпідэміі фікс-навук.
Дык вось: такія, браце, «вучоныя»,
Якім бы ў кішэню паболей узяць.
Глядзяць праз акулярыкі пазлачоныя,
Дакладней — праз пальцы на свет глядзяць!

Прагне душа разумення і ладу.
Жылка на скроні пульсуе-снуе.
Позна. За ноўнач. Пара зарападу
Але не гаснуць лятункі мае.
Зорна. Балюча. Лагодна. Вяснова.
Голас травы вывучае шаша.
Мы навучыліся жыць адмыслова
А за убраннем — канае душа.
Збораў замнога. I тлуму замнога.
Гэй, намалюй сабе шлях. Выбірай!
Уласнапалоннікі раю зямнога,
Дзе ён, інакшы і праведны рай?
Толькі калі прашуміць непагода —
Гнездзяцца думкі (аклятая рэч!):
Як ты змянілася, постаць народа, —
Хоць над магілаю брацкай укленч!
Мілы мой. Ты. I на коніку — верхі.
Мыслі раяцца (наіўная рэч!).
Нас раз'ядналі аўто і паверхі,
Хоць перад цэрквай спусцелай укленч!
Фортку адкрыю. Горача, душна.
Густа начніцы абселі плафон.
Скруха спынілася на раўнадушшы
Там, дзе ад болю аглух тэлефон.
Век правадоў, але жаль наш — пячорны,
След замятае спакою мятла.
Дзіўна, яшчэ, як начніца, заўчора
Я акрылёна шукала святла.
Вусны да вуснаў — ці так не хацела?
Вось найвышэйшай пяшчоты вянец.
Час, ты гукаеш, нібы звар'яцелы,
Праз міліёны разбітых сардэц.
Космасу век. Але жах наш — пячорны.
Неандэртальца рагоча шкілет.
Гнеўнае воблака, дымнае, чорнае,
Страшнае! — зорны лякае Сусвет,
Бачу балючыя вочы Еўропы.
На валасінцы надзея трымціць.
Падаюць зоры. Не спяць тэлескопы.
Зорка-Зямля, ты павінна свяціць!
Век гераічны, гранічны, крынічны.
Выхад да зор. I бязвыхадны штрэк?
Дэмаграфічны, лірычны, трагічны,
Дыпламатычны і каставы век!
Кожны жывы — і без войнаў смяротны,
А на зямлі — катастрофы, разбой...
Суд наш рашаючы і незваротны, —
Суд наш апошні — саміх над сабой.
Бога няма. Чалавека пытай.
Толькі і ёсць чалавек усясільны.
Досыць Хатыняў і Хірасімаў! —
Плоццю людскою накормлены рай.
Зорным дасвеццем праз ліхалецці
I праз анафему «зорнай вайне» —
Гамлета прывід васкрэс на планеце
З тым жа пытаннем: «Быць альбо не?»
Покуль да сонца расчынены дзверы
З вераю ў сонечны розум людзей,
— Быць! — Я гукаю праз гром і хімеры,
Тулячы сына свайго да грудзей.
I не ў міфічную цягнецца Мекку
Шлях, пазбаўлёны літанняў і лек.
...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.
Да Чалавека ідзе Чалавек!

Прызнанне вачамі

Сярэдняя: 4.4 (8 галасоў)
                        Воблік

Столькі светлай журбы у паглядзе,
Бы купальскі касцёр не ачах.
У сто першым, ў стотысячным радзе
Я пазнаю Цябе па вачах.

Колькі зор маладых, невядомых!
Колькі неба на лёгкіх плячах!
Паміж твараў чужых і знаёмых
Я шукаю Цябе па вачах.

Мо на вольнай дарожаньцы лепей
Спазнаваць адрачэнне і страх?
Ад бяды, ад агню хай аслепну —
Я убачу Цябе па вачах.

Ах, якога святла біятокі
Прашываюць — і рвуцца па швах?
Як жывецца Табе, мой далёкі, —
Я спытаю Цябе па вачах.

Што ж так снішся глухімі начамі
З лёсам неба на цяжкіх плячах?
Не страляй залатымі вачамі!
...Адчуваю Цябе па вачах.

                            1

Хто там прыдумаў, што выстылі страсці?
Раскашавацца лістам і траве.
Схоплена вечнаімгненнае шчасце:
Дзіўнае воблака ў небе плыве.

Вецер блакітны і вецер зялёны
Хай пагуляюць сабе ў галаве.
Знойдзен адзіны пагляд незамглёны —
Дзіўнае воблака ў небе плыве!

Ах, як на ласку завышаны цэны!
Здраджвае нітка дакладнай канве.
Слухаю вочы і слухаю сцены —
Дзіўнае воблака ў небе плыве!

О як спяшаецца вечны гадзіннік,
І тэлефон Вас на часткі ірве!
Пух тапалёвы ці ўскрык лебядзіны —
Белае воблака ў небе плыве.

Шлях разматае назад завіруху,
Будзе загойна сляды замятаць.
Мілы, ці зналі душэўную скруху:
Боязна поўныя вочы падняць.

А справа ў тым, што неаднойчы палохалі і раздзіралі душу маю — не, толькі не вочы: з лёду і шкла, растопленага лампаднага масла, застыглай чорнай смалы, цвікамі ўбітыя ў роўны фанерны квадрат, пустыя адтуліны шпакоўняў, глухія працяжнікі, як сцёртыя з аблічча звычайнай школьнай гумкай, а — таксама: нажніцы, таплякі, абцасы, шпрыцы, воўчыя ягады, вілы, іголкі, англійскія замкі...

Але гэта было дзіўнае супадзенне вачэй, хоць і на адлегласці, хоць і на тым грунтоўна-дасканалым бар'еры, які раздзяляў раз і назаўсёды. А ці гэта мне падалося? Вочы ж былі вышэй бар'ера і вышэй саміх нябесных зорак! Яны былі вышэй самай трапяткой паэзіі!


                      2

Бар'ер. Які бар'ер
Мы выдумалі самі?
Чым плацяць за давер?
Я адкажу:
— Вачамі!

Яшчэ ў нас не было
Ні стрэчы, ні расстання.
Адкуль жа б'е святло
Бясконцага світання?

Мне чуецца лягчэй
За променем магічным.
Не пазычаць вачэй.
(Сама магу пазычыць.)

Трывогу прыручу.
Стрыножу пал адчаю.
Я вуснамі маўчу.
Цалую Вас — вачамі!

                      3

Няроўны ўзрост і час.
Жывём як за замкамі.
Не патрывожу Вас
Дарэмнымі званкамі.

Я з лесу. З Лугаўя.
З азерца. I з балота.
I што для Вас мая
Маленькая істота?

I пра якія чары
Нашэпча Вам мой луг?
Сямейны, звыклы круг —
Далёка не ганчарны!

О хай Вам сняцца сны
І хоць адзін — прарочы!
...Да неба ці вясны
Мяне прыбілі вочы?

                      4

У глыбіні начэй,
Дзе светлячкі лунаюць,
Не вынесу вачэй!
Яны па мне страляюць.

Што робіцца з вясной:
Кіпіць, сышоўшы з тропу.
...Яны ж бягуць за мной
З вясновага патопу.

Што дзеецца з душой:
Затоплена вачамі.
Між гордай цішынёй —
Я ўскрык. А Вы — маўчанне.

Шуміць і скача свет,
Расхрыстаны і босы.
Банальны мой сюжэт:
Я — поле. Вы — нябёсы.

                      5

Мама, нада мною не журыся,
Не шукай гаючае травы.
Бачыш, як высока узняліся
Нашы песні — нашы журавы.

Родная, мо досыць на парозе
Каратаць жыццёвыя кругі?
...Як адзін загіне у дарозе —
Вернецца, не згубіцца другі.

Не Яга, не злая патароча
Мне ў маленстве сцежку перайшла.
I калі не сплю глыбокай ноччу —
Гэта ад высокага святла.

Мілая, то лёс мяне сурочыў,
Каб заўсёды зорнаю была.
I калі пяю глыбокай ноччу —
Гэта ад нязгаснага святла.

Пэўна, буду паміраць я двойчы
У імя азёр і зорных ніў.
На паўнеба сёння — толькі вочы
Спеўны лес удзячна запаліў.

                      6

Крыляйце, журавы
Высокага адчаю.
...О гэтак блізка Вы
Не небам — а вачамі!

Аціхнуць паплавы.
I бор пазалачае.
...О гэтак ясна Вы
Не словам — а вачамі!

Трывушчы мой народ,
А песняю — параніш.
Хай схлусіць хіжы рот.
Вачамі — не падманеш.

Дзень добры, зоў і рух,
Грыбная аблачына!
Хай здрадзіць подлы дух.
Вачамі — немагчыма.

                      7

Абвостраны мой слых
(Як боль разварушыла) —
Не крала зор чужых.
I духам не грашыла.

Але даю зарок,
Нібы пасля патопу.
Ды выхапіць мой зрок
Ваш светлы лік з натоўпу.

Радней і балючэй
Нахлыне азарэнне.
Не апускай вачэй,
Журлівае імгненне!

Святло і вышыня.
Да ласкі свет ахвочы.
...«Паўцарства — за каня!»?
Я аддала б — за вочы!

                      8

Салодкі боль, не знацьмеш ты спачыну.
Кахаю я — і ў тым мая віна.
...Яшчэ адну біблейскую жанчыну
Прыбіла, нібы зорку да акна.

Святло маё, а ты не кропля ў моры!
Няхай заваліць розным тлумам быт.
...Пісала вершы і будзіла зоры
Усё-такі не Ева, а Ліліт.

Святло, ты не мяняешся з гадамі,
Хоць час не толькі промнямі спавіт.
Вачмі якімі свеціш ты, Адаме, —
Ці не вачамі зорнае Ліліт?

Глыбока п'ю шчаслівае маўчанне.
Душа ці зорка высіцца ўгары?
...Пагавары са мной, Зямля, вачамі.
I ты, Сусвет, вачамі гавары.