Зорная паэма

Сярэдняя: 3.3 (9 галасоў)
                  Мой родны кут, як ты мне мілы!..
                                                            Якуб Колас

                                 1

Светла. Птушынай радні адгалоскі.
Травы ў празорай расе.
Як скарачаецца шлях мой у вёску! —
Нібыта вецер на крылах нясе.
Што там сягоння ў Сусвеце і ў свеце:
Войны? Радзіны? Салют?
Сэрцу збалеламу ёсць на прыкмеце
Белабярозавы кут.
Шчодра ў барозны засыпаны зёрны.
Вечнасць пульсуе быстрой.
Я развінаю дасвецце.
                                    А зоры —
Кожная! — ветлай сястрой.
Вокнаў ліштва і варотцаў узоры —
Край на умельцаў багат.
Свецяць на хатах фанерныя зоры —
Душы Айчынных салдат.
У гэтай зямной і зялёнай купелі,
Дзе і казюрка да сонейка мкне,
Татачка,
               нагаварыцца не ўспелі!
З помніка ты усміхаешся мне.
Полем сівых перапёлак і бою
Ходзіць балюча — ахоўны твой цень,
Толькі душа скаланецца ад болю:
Жыта на мінах дагэтуль расце!
Дзятлік-урач і вавёрачка рыжая,
Вецер гаркавы, як пах буякоў.
Можа,
           хоць тут ані згадкі пра хіжасць
I дэмагогію спрытных дзялкоў...
Зоры лясныя і зоры азёрныя!
Цягнецца ў неба любові вярста.
Сына вязу, каб спрадвечнае, чорнае
Працы, як дзед яго, мужна спытаў.
Сцежка ў маленстве віруе, вяртаецца
Між курганоў і шчымлівых бяроз.
Усё, што забылася, — успамінаецца
I адгукаецца ў сэрцы да слёз.

Цёплымі промнямі дзень запарушаны.
Чуйнай зязюляй аклікнецца бор.
...Сад мой дзіцячы — калючая груша,
Бабка Луцэя ды сіні прастор.
Пахне аерам на Сёмуху ў хаце,
Ранак стрыжэ растрывожаны стрыж.
Будзіць па зорцы, шкадуючы, маці:
«Ягады, дзетка, няўзгадкі праспіш».
Першым сярпочкам парэзаны пальцы
(Доўга той боль заглушыць не магу!),
Жартачкі горкія: шустрыя мальцы
У інваліда сцягнулі «нагу».
Думаю: як жа ён будзе, збалелы?
Стане як потым ступаць па зямлю?
Толькі смяецца баец асівелы:
«Лепшую заўтра, паганцы, зраблю!»
Нібы снапкі, на падлозе паснулі
Дзеці,
           хоць стол іхні — гол як сакол.
Пяцера сірат у цёткі Настулі,
Цётка Настуля — жняярка і вол.
Ды не сумуюць панікла вяскоўцы:
У кожнага нібы жар-птушка ў душы,
Чуеце? — сыплецца рэхам па вёсцы
Грайка-гармонік, хоць іскры тушы:
          Хлопцы ўсе гуляць ідуць,
          А мне нечага абуць:
          Лапці новыя згарэлі,
          I страхоўкі не даюць.

...Што ж там сягоння ў Сусвеце
                                                       і ў свеце?
Кожная болька — радня.
Новыя зрухі пайшлі ў сельсавеце,
Хоць і Загразкіна ў ім старшыня.
Час расхінае мярэжы і межы,
Мае празорцаў сваіх, дактароў.
Выраслі новыя ў вёсцы катэджы
Заміж былых агароджаў-двароў.
Шыферам новая вёска накрыта,
Мудрым нашчадкам спяваць ды расці!..

З гускамі век дажывае Харыта,
Ў дом састарэлых не хоча ісці.
Скажа паштарка мне ў ціхім дакоры,
Нібы прад'явіць віну:
«Дзеці рассыпаны, нібыта зоры,
Згоркне — на неба зірну».
Дзеці цярплівае маці-прыроды —
Лёгкія мроі, нязбытныя сны, —
Хто нам пасведчанні жывёлаводаў
Выдаў за клас выпускны?
Ах, як разбегліся ўсе адмыслова
Як пайхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!
Любім на словах. Бунтуем на словах.
I славасловім праграмны наш век.
Цывілізацыі зорная з'ява
З векам раскошным ідзе неўпапад.
Грукнула ў сэрцы глухая аб'ява
На замяшчэнне вакантных «пасад»:
1.  Старшыні (убытачнага калгаса)
2.  Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы
     (хоць бы на час ацёлу кароў)
3.  Клубнага работніка (які б разбіраўся
     не толькі ў замежным рэпертуары)
4.  Прадаўца сельмага (які б падманваў
     пакупнікоў не больш хаця б чым на 1—2 кап.)
5.  Конюха (які шануе жывёлу не менш,
     чым уласны аўтамабіль)
6.  Механізатараў (6 чал.)
7.  Даярак (8 чал.)
8.  Даглядчыкаў цялят (4 чал.)
9.  ...............................................

Прагне зямелька пляча абароннага,
Просіць за бульбу, за лён і траву.
Грэшна вініць мне кагосьці старонняга,
Бо і сама без выгод не жыву!
Сэрца ў бянтэжным адчаі зайшлося
(Мушу радкі прыгадаць!),
Толькі Анэткам маім і Антосям
Часу нямашка чытаць.
Маміна доля з вайны калядуе,
Але ні разу не ўчула я ўсхліп.
Думная, чыстасардэчна бядуе:
«Высах калодзеж, хоць жыта насып».
Губы апёкшы на малацэ,
Мовіць сівы засмучоны дарайца:
«Бусел — ці чулі? — палюе на зайца!
Скончыўся жабін канцэрт.
А то дажджы як з вядра. Недарод.
Засуха б'е па прагнозах зачаста,
Мала цяпер хадакоў у народ,
Болей цяпер хадуноў у начальства».
Свеце мой гостры, адчужаны, блізкі —
Бура з зацішкам і з полымем лёд.
А у канторы —
                           прыпіскі, адпіскі —
Трэці бухгалтар змяніўся за год.
Вучаць сардэчнасці кнігі, экраны,
Ды не знікаюць паклёп і падман.
Горка: канаюць вайны ветэраны
Часта зусім не ад вогненных ран.
Льецца ялей, як вадзіца праз рэшата,
Век папяровы: «прадаць — купіць».
А ці пазбыта сумленне дарэшты,
А ці дзяржава скрозь пальцы глядзіць?
Іншыя звышвыкшталцоныя цацы
Ўежна ядуць, але долю клянуць
(Не паспяваюць за модай угнацца!):
Не паспяваюць даяркі заснуць.
Сіла зямлі — мнагадзетныя маці
Не паспяваюць прыбраць-згатаваць;
Не паспявае спартыўная брацця
На чамаданах наклейкі мяняць.
Брата адзежына мокне ў салярцы,
Слушна дапёк мяне, негаваркі:
«Дайце належную ўвагу даярцы! —
Хай пачакае там пэцкаль які!»
Блізенька сядзем, сялянкі і дамы, —
Зблізіцца, ох, як пара,
Можа, таму, што гадамі-радамі
Людзі счакаліся Гаспадара!
Рукі да рук — як нястомныя кросны.
Здолеем выткаць наш лёс.
Час высакосны і боль высакосны
У свеце ваенных пагроз.
Маці-краіна! Краю мой мілы!
Брату паможаш, сам не з'ясі.
...Бачыш, сыночак, дзве свежых магілы?
Дык папасі ты і за Гаўрылу,
За Міканора кароў папасі!
Жэўжык мой лёгкі, як вецер у жыце,
Светлай прыроды забава — хлапчук,
Дроў насячы ссірацелай Харыце,
Каб гартаваўся надзейны плячук.
Мо па-жаночы прашу цябе слёзна,
Але хачу, каб запомніў урок:
Заўтра любіць — памагаць будзе позна,
Людзі, як зоркі, згасаюць, сынок.
З веку іконнага аж да нейтроннага
Нашага смутку не гасне імша.
Сыне, ў халёнага, хамелеоннага,
Прыстасаванага і не ўлюбёнага
У нашу зямлю — не уздрыгне душа.

Круціцца, нібыта жорны, планета.
Смерці змяючай зацята пятля.
Плуг аратая і ліру паэта
Ты уздымі над сабою, зямля!
Крышыцца, нібыта жорны, планета,
Людства гудзе, нібы пчолы з вулля.
Покуль не чорныя воблакі — светла!
Светла, пакуль зелянее зямля.
Светла ад лотаці ў завадзі зброснелай.
Коні шукаюць ракі.
Крылы ў адных развінулі нябёсах
Ястрабы і жаўрукі.
Край нездарма сінявокім завецца —
Сіне і светла душы.
Выпаўзлі з нораў на сонцы пагрэцца
Яшчары і мурашы.
Сонечна. Светлараскрылена. Весне.
Ранак. I ранне жыцця.
Чую! Не змоўкла радзімая песня —
Спеўна жанчына люляе дзіця.
Буслікаў светлых крыляе дружына.
Вецер гуллівы сядлае каня.
Да вадапою знаёмай сцяжынай
Ціха ласіха вядзе ласяня.
Мілы мой сын, залатая малеча, —
Почыркам ясным пішы!

Сілай адной знітаваны навечна
Прашчуры і мурашы.

                             2

               Зорка Венера ўзышла нал зямлёю...
                                              Максім Багдановіч

Вось і з дарогі. А скруха — з парогу
(Бы не ішла, неадчэпная, ўслед!):
«Выклічце «хуткую, — мне, — дапамогу»», —
Просіць мяне захварэлы сусед.
«Выклічу, як жа! А Вы паляжыце».
(Цяжка і стомлена дыхае ён.)
Выкліча хто «дапамогу» Харыце? —
Там жа, на вёску, адзін тэлефон!
Вось і урач найвышэйшага класу.
Сорак хвілін у змаганні за лёс.
(Выкліча хто «дапамогу» калгасу:
Жыта палегла і вымак авёс!)
Думна і гэтак трывожна на свеце,
Нібы лістку на спусцелым галлі.
Бомбы падпёрлі дыханне планеце:
Выкліча хто «дапамогу» Зямлі?!
         Зорная поўнач святлюткай сястрою,
Зорны трапеча за шыбкаю ліст.
Я на пяшчоту гадзіннік настрою,
Але спружыніць у ім механізм.
Змоўклым гадзіннікам век нас лякае,
Збоем апошніх світальных мінут.
Кроўю планета ужо набракае,
Але паўзе тэрмаядзерны спрут.
Дзесьці не спяць знепакоена маці,
Стогне зямля у гарачай крыві.
Стрэлкі шукаюць на цыферблаце
Міру, лагоды, братэрства, любві.
Людзі. Анёлы і д'яблы. Міране.
Плыць альбо не дабрыні караблю...
Што табе, сэрца, сыграць на кургане,
Як не малітву за маці-зямлю!
Ах, шматутульныя шматпавярхоўкі...
Добра мне жыць. Але сэрца шчыміць:
Солі ў суседа пазычыць нялоўка,
Боязна сэрца ў адчаі раскрыць.
Усё пераблытана: хмары, хімеры,
Прорва і мост, справядлівасць і суд.
Смешна прызнацца ў каханні... паперы:
Чыстая, колькі сцярпела пакут!
Ах, пераможцы уласных мішэняў,
Саладкалюбцы прыгод і карон...
Свет, ты гукаеш, нібы мнагажэнец,
Праз міліёны адкрытых акон.
Светла-вішнёвы і цвет ясянёвы
Ціха плыве над зямлёй, як кілім.
Сэрца вясновае просіць любові, —
Атамны воран цікуе за ім?
Людзі, жывыя мы ў думках і плоці.
Бусел распятым крыжом на страсе.
Кроіцца час блаславёных эмоцый, —
Робат жалезны пачуцці пасе?
Людзі, мы тыя ж — аўто і трамваі
Спрэс — у палоне мінут
Самі сябе на падножках трымаем,
Покуль не скончыцца спешны маршрут.
Бачылі вы варону ў кароме
Або як лекцыі шпарыць павук?
Час намяшаўся на абаронах,
На эпідэміі фікс-навук.
Дык вось: такія, браце, «вучоныя»,
Якім бы ў кішэню паболей узяць.
Глядзяць праз акулярыкі пазлачоныя,
Дакладней — праз пальцы на свет глядзяць!

Прагне душа разумення і ладу.
Жылка на скроні пульсуе-снуе.
Позна. За ноўнач. Пара зарападу
Але не гаснуць лятункі мае.
Зорна. Балюча. Лагодна. Вяснова.
Голас травы вывучае шаша.
Мы навучыліся жыць адмыслова
А за убраннем — канае душа.
Збораў замнога. I тлуму замнога.
Гэй, намалюй сабе шлях. Выбірай!
Уласнапалоннікі раю зямнога,
Дзе ён, інакшы і праведны рай?
Толькі калі прашуміць непагода —
Гнездзяцца думкі (аклятая рэч!):
Як ты змянілася, постаць народа, —
Хоць над магілаю брацкай укленч!
Мілы мой. Ты. I на коніку — верхі.
Мыслі раяцца (наіўная рэч!).
Нас раз'ядналі аўто і паверхі,
Хоць перад цэрквай спусцелай укленч!
Фортку адкрыю. Горача, душна.
Густа начніцы абселі плафон.
Скруха спынілася на раўнадушшы
Там, дзе ад болю аглух тэлефон.
Век правадоў, але жаль наш — пячорны,
След замятае спакою мятла.
Дзіўна, яшчэ, як начніца, заўчора
Я акрылёна шукала святла.
Вусны да вуснаў — ці так не хацела?
Вось найвышэйшай пяшчоты вянец.
Час, ты гукаеш, нібы звар'яцелы,
Праз міліёны разбітых сардэц.
Космасу век. Але жах наш — пячорны.
Неандэртальца рагоча шкілет.
Гнеўнае воблака, дымнае, чорнае,
Страшнае! — зорны лякае Сусвет,
Бачу балючыя вочы Еўропы.
На валасінцы надзея трымціць.
Падаюць зоры. Не спяць тэлескопы.
Зорка-Зямля, ты павінна свяціць!
Век гераічны, гранічны, крынічны.
Выхад да зор. I бязвыхадны штрэк?
Дэмаграфічны, лірычны, трагічны,
Дыпламатычны і каставы век!
Кожны жывы — і без войнаў смяротны,
А на зямлі — катастрофы, разбой...
Суд наш рашаючы і незваротны, —
Суд наш апошні — саміх над сабой.
Бога няма. Чалавека пытай.
Толькі і ёсць чалавек усясільны.
Досыць Хатыняў і Хірасімаў! —
Плоццю людскою накормлены рай.
Зорным дасвеццем праз ліхалецці
I праз анафему «зорнай вайне» —
Гамлета прывід васкрэс на планеце
З тым жа пытаннем: «Быць альбо не?»
Покуль да сонца расчынены дзверы
З вераю ў сонечны розум людзей,
— Быць! — Я гукаю праз гром і хімеры,
Тулячы сына свайго да грудзей.
I не ў міфічную цягнецца Мекку
Шлях, пазбаўлёны літанняў і лек.
...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.
Да Чалавека ідзе Чалавек!