«Чысціні...
Адкрыцця...
Дабраты...»
Голас продка прарос з нематы.
Захлынаюцца ў гуле вякоў
Тайна гукаў і музыка слоў.
Чысціні...
Адкрыцця...
Хараства...
Нам яшчэ з гэтых слоў вырастаць.
Адчужэнне,
I здрада,
I страх
Паляванне вядуць давідна.
Палымнелі на смольных кастрах
Адкрыццё,
Дабрата,
Чысціня.
Праз глухія стагоддзі жыцця —
Чысціні,
Дабраты,
Адкрыцця.
«Адкрыцця!
Дабраты,
Чысціні!..»
Паўтараюць ля ног камяні...
Боль перасіліў немату,
I яркіх фарбаў мне не шкода,
Бо і сама я, як прырода,
То ападаю, то цвіту.
Яшчэ зямлі мяне вучыць
Любві штоночна і штодзённа.
I верш цячэ па целе сонным
I новай музыкай гучыць!
Святлом і цішаю сагрэта,
Перабіраю валасы.
Ва мне зімы,
вясны,
і лета,
I лістападаў галасы
Звіняць, гудуць наперабой
I нараджаюцца нанова.
Я прачынаюся вяснова,
Нібы загон перад сяўбой...
Будуць вёсны і пралескі,
Будзе радасць і туга.
Адцвіце вясна на ўзлеску,
Пабяжыць за сіні гай.
I хваёваю ігліцай
Адзавецца лета звон.
Толькі мне не паўтарыцца
Ні вясною, ні зімой.
Столькі думак самых шчырых!
Светлы шлях мне пажадай.
Заўтра будзе гулкі вырай
I бясхмарны небакрай.
Будзе лета з навальніцай
I вясёлка над ракой.
Толькі мне не паўтарыцца
Ані летам, ні зімой.