— Пра атаву напомніць прасіла?.. —
Голас дзеда цячэ ў цемнаце. —
Маладую даўно пакасілі,
А старая... Няхай пацвіце!
Не спяшаюцца дужа з атавай,
Добры сёлета быў сенакос...
Крочым летам. Высокія травы
Пад цяжарам нахлынуўшых рос.
Злева — рэчка. I домік направа.
Выглядае прыветна з акна
Цётка Клава.
Клава — атава,
На чатыры пакоі адна.
Можа, ўспомніць пра нашу размову,
Па гадах, як па снах, прабяжыць.
I прывычна пагоніць карову
На атаву, што буйна шуміць.
Мне ж успомніцца досвіткам сінім
Голас дзеда глухі ў цемнаце:
«Маладую даўно пакасілі,
А старая... Няхай пацвіце!..»