Свет адкрыты і босы
На радзіме маёй.
Жаўруковыя росы
I трава — зверабой.
Тут не хваляцца шчасцем:
Як жывецца — жывуць.
Ды любыя напасці
Лекам песні звядуць.
Ой, як ціха пяецца
Пра лясок-невысок,
Пра Марусіна сэрца
I яе паясок.
Паясочкам — сцяжына,
Перавяслам — жытло,
I Любоў, і Айчына.
Так, як зроду было.