Непрыручаная птушка

Сярэдняя: 2.7 (6 галасоў)

Мне па душы глухія пушчы,
Лістоты замець на дварэ.
Я непрыручанаю птушкай
Жыву між сполахаў і дрэў.
Каторы дзень настрой губляю
I зноў па-новаму люблю.
Бягу, гукаю, выглядаю,
Шукаю, думаю, не сплю.
О людзі! — Вечныя пытанні,
Вытокі мудрасці і зла.
Нясу ў сваё святое ранне
Любоў і гнеў на паўкрыла.
Мяне ў палёце не скарылі.
А будзе што не так — малю:
Скруціце стомленае крылле
І кіньце ў родную раллю.