Тчэцца памяць ніткай суравой...

Вось і яшчэ адна мінае восень. Восень, якая падаравала зямлі беларускай дзівосны талент, незвычайны цуд — Яўгенію Янішчыц. I наколькі шчодрай была ў сваім дарунку палеская восень, настолькі бязлітасна-жорсткай сталася ў жыцці паэтэсы тая апошняя, саракавая, што так рана прымусіла замоўкнуць непрыручаную часам і людзьмі спеўную птушку быліннай зямлі.

Пра творчы лёс Я. Янішчыц напісана нямала. I пры жыцці, і пасля: рэцэнзіі, артыкулы, успаміны, эсэ. I якія толькі вобразы-эпітэты не знаходзілі даследчыкі, каб найбольш выразна і адметна засведчыць у слове гэтую ўнікальную ў беларускай паэзіі 60 — 80-х гадоў з’яву. Пры ўсёй загадкавасці таленту, драматызме лёсу і лірычнай гераіні, і самой паэтэсы яе зорнае, сенакоснае слова выклікае адчуванне прагі вышыні, акрыленасці, напаўняе душу святлом. Святлом шчырасці і шчодрасці, цеплыні і хараства. Светла, нечакана, імкліва, як гарэзліва-рухомы, свавольна-зменлівы праменьчык-прамень, увайшла дзяўчынка-школьніца ў складаны паэтычны свет.

Лёс творцы заўсёды нясе ў сабе асобы знак, асобы змест. Жыццё талента заўжды навідавоку. Мастак жыве ў свеце, жыве сярод людзей, жыве ў людзях, а свет і людзі жывуць у ім. Па законах людскасці імкнулася жыць паэтычная, прамяністая душа Яўгеніі Янішчыц, імкнулася на ўсё адазвацца такім жа шчырым, прамяністым словам:

І змые час дурных здзіўленняў пену,
I пачуццё абвугліцца датла.
Паэзія — яна не знае тлену,
Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.
(“Прыгаршчы святла”)

Бадай, кожны верш паэтэсы поўніўся цягам яе сэрца, святлом вялікай любові да людзей: родных, блізкіх, суседзяў, аднавяскоўцаў, літаратурных куміраў і настаўнікаў. І гэта пры тым, што ўся творчасць – пранізлівая, адкрытая і шчырая споведзь адной (і самай галоўнай) гераіні – Паэтэсы. Зразумела, што жыццё яе – чалавека, жанчыны, творцы – пастаянна, з той альбо іншай нагоды, нітавалася, перакрыжоўвалася з лёсам іншых, многіх. I кожны, хто асабліва закранаў гэтую чуйную душу, чые ідэалы, эстэтычныя густы і жыццёвыя арыенціры супадалі з яе асабістымі, так ці інакш уваходзіў у свет паэзіі Я. Янішчыц.

Дачка старажытна-міфалагічнага краю, яна арганічна пачувалася сярод прыроднага палескага свету:

Вось так з адкрытым небам – заначую,
А зоркі будуць днець у вышыні.
I праз траву гаючую адчую,
Як у зямлі багата цепльші.
(“Вось так – з адкрытым небам – заначую”)

Хораша і летуценна марылася лірычнай гераіні Янішчыц на беразе гуллівай рэчкі, радасна гукалася ў звонкім бары. Была яна шчаслівая “святлом узгоркаў і раўнін”, а зведаўшы жыцця няпросты лёс і творчасці цяжар, магла прасіць падтрымкі найперш у тых стыхій, што продкамі абагаўляліся здаўна:

Ну што ж, у паэтаў не скваплівы лёс,
Ідуць басанож па каменнях.
Таму і ў зямлі, і ў халодных нябёс
Прашу аднаго: блаславення.
(“Любілі-кахалі. Былі-адбылі”)

Дарэчы, надзеленая трапяткім і чулым сэрцам, Я. Янішчыц жыла вострым адчуваннем прыналежнасці свайго таленту, сваей творчасці радзіннай зямлі і яе народу, ягонаму мінуламу і сучаснасці. Сказаць пра гэта ўмела па-мастацку арыгінальна і нечакана:

Гамоніць Палессе. Гудзе Панямонь.
Шугае дубняк адубелы.
Мангольскія коні ляцяць праз агонь,
I вянуць татарскія стрэлы.
Дзе ж боская праўда крывавых вятроў?!
Ды з курных застрэшкаў і ў лодках —
Бушуе гарачы і горды натоўп,
А ў ім — галасы маіх продкаў.
Як выйдзе вясна з берагоў і ўпадзе
На грудзі зямлі, бы з патопу,
Не ў ціхім балоце, не ў шалкай вадзе —
Шукайце мяне між натоўпу.

Імкненне разумець і выяўляць народную душу рана праявілася ў паэзіі Янішчыц. Пранізлівы і тонкі лірык, яна магла нязмушана і натуральна спалучыць у межах аднаго верша неўтаймоўную паводку пачуццяў, эмоцый, настрояў і праявы сапраўднага эпасу! Зусім невыпадкова ў яе творчасці (і вершах, і паэмах) побач з вобразам-пачуццём, вобразам-настроем выдатна суіснуе вобраз-характар (“На, паеш, мая лябёдка”, “Бацькавы дровы”, “Павел і Нікан”, “Марыя” і інш.) Лірычная гераіня Янішчыц умела жыць, узнімаючыся высока “над соснамі – у лесе, над жытам — у палях”, бо ведала, “што немагчыма нізка ні падаць, ні лятаць”. I ніколі не ўзнімалася над чалавекам, над ягоным болем, над яго жыццёвай існасцю і лёсам.

Калі б сабраць усіх герояў яе вершаў і паэм разам, то сапраўды адчулі б і дыханне грамады, і жывы, непаўторны голас кожнага з натоўпу. Усім было тут месца; і цётцы Лідзе Саўчуковай з яе жытнёвым снопам, і Клаве-атаве, і бабулі Паланеі, і маме “ў шуме жытняга святла”, і дзеду, які так хораша ўшчуваў сваю ўнучку-шаляніцу, і прадзеду Фёдару, паэту-бязбожніку, і Аксені з Анэткай, і вясковым тым Сцяпанам, якіх лічыла паэтэса сапраўднымі інтэлігентамі. Ад зямлі... Бачым усіх разам і кожнага паасобку. “Дачка земляроба, дзіця сіраты”, яна жыла душой і сутнасцю сваёй у вясковым асяроддзі.

Літаратурная ж школа, работа над словам, над талентам абумоўлівалі шырокія сувязі і творчыя кантакгы. Адкрытая дабру, сардэчнай шчырасці і святлу, Янішчыц шчодра дарыла-прысвячала свае вершы многім. Дарыла тым, каму лічыла, што была хоць чымсьці абавязанай. Вершаў з канкрэтнымі, адраснымі, так бы мовіць, прысвячэннямі ў творчасці пісьменніцы нямала. I ў некалькі дзесяткаў не ўбярэш. Вось толькі некаторыя з іх – “Мова”, “Абеліскі”, “Ірвёмся ў неабжытае”, “Данута”, “Палессе”, “Кавалі”, “Правінцыя”, “Азёрны час”, “20. VI. 1985 г.”, “Хадакі”, “Маэстра”, “З кнігамі Васіля Быкава” і інш. Гэты пералік можна доўжыць і доўжыць. Падобныя вершы-прысвячэнні або вершы напісаныя з нагоды канкрэтнай жыццёвай з'явы, сітуацыі, быційнай або літаратурнай праявы ў лёсе голоўнай творчай асобы маюць сваю адметную біяграфію. “Краю блаславёнага дачка”, Яўгенія Янішчыц лічыла сваім абавязкам сказаць пра кожнага з тых вялікіх літаратараў, хто душой, сваім лёсам ці творчасцю прычыніўся да нашай зямлі, хто ўвайшоў у свет яе мастацкіх захапленняў і творчых пошукаў. Ёй зразумелы быў і адчувальны цяжар зорнага крыжа Мацея Бурачка (“Будзе слоту абвяшчаць прагноз”) і балесны лёс Купалы (“Ружы Купалы”). Душой перажыла, прачула, як “над палескай вечнасцю балот” вітаў мяцежны дух Аляксандра Блока. Тое, што болем, смуткам і любоўю напаўняла сэрца рускага паэта-воіна паспела ўжо пазнаць і яе душа. Менавіта тым і блізкі быў ёй Блок у палескі перыяд свайго жыцця, што

Над смутаю жыццёвай прозы,
Над астабрыдлай тванню скрух –
Не ўкамянеў арліны позірк,
Не ўтрапянеў мяцежны дух.
(“Гамаюн на Палессі”)

Дзіву даешся, як жа ўмела пісьменніца ў невялікім — на 16-20 радкоў вершы намаляваць партрэт свайго літаратурнага настаўніка-героя, даць жыццёвыя рэаліі, канкрэтныя факты, дэталі, трапна, дакладна абазначыць сутнасную існасць творцы. Вось так, напрыклад, сцісла, лаканічна і ў той жа час па-асобаму пранікнёна, душу паэта адчуўшы, напіша Янішчыц пра Янку Купалу:

Святло вачэй. Журбы пракос.
Сарочкі кужаль.
Упляліся ў Ваш балесны лёс
Шыпы і ружы.
(“Ружы Купалы”)

Не лішне сказаць, што пазней, у новым паэтычным зборніку “Каліна зімы” (1987), чытач убачыць і адчуе мастацкую трансфармацыю таго ж вобраза руж і шыпоў (верш “Кантрасты”). Пісьменніца к гэтаму часу перажыла вялікія жыццёвыя выпрабаванні, а таму яе лірычная гераіня — жанчына, творца — пачуваецца ў свеце гэтак жа балюча і няўтульна, як і некалі слынны паэт, Невыпадкова і ў адным, і ў другім вершы дамінантна настраёвай мелодыяй з'яўляецца прыродная непагадзь – слота і град, шалёная сцюж. Такі вобразна-меладычны акампанемент выклікае адчуванне трывогі і болю, перадае глыбінны драматызм жыцця і часу. Шлях сапраўднага мастака – праўдзівага, таленавітага, неардынарнага — не бывае спрэс у ружах прызнання ці захаплення. Найчасцей чакаюць балючыя шыпы або (як у вершы “Кантрасты”) кіпці ворана, ружы шыпы. I боль, і ружы, і шыпы, і чорны кіпцюрысты воран — усё бывае тады, калі творца мае свой погляд, займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Вось і збліжаецца ў лірыцы Янішчыц і час, і лёс: пра Купалу і ягонае змаганне з пошасцю рабства паэтэса прамовіць са скрушна-балючым здзіўленнем і захапленнем: “О, як выполвала рука драсён прыгнёту!”. Яе гераіня настроена не менш рашуча: “Вырву з градаў палын і асот”. У гэтай нялёгкай барацьбе з рознымі праявамі пустазелля — у душы, грамадстве, творчасці — дужа важна не выстудзіць сваё сэрца паэту. Захаваць яго жывым, гарачым да апошняга ўдару. Захаваць, як зрабіў гэта трагічны Максім Багдановіч.

Апошнія — ялцінскія — дні аўтара “Вянка” пададзены паэтэсай як “белай самоты сцяна”. I разам рашучае адмаўленне смерці. Калі “ў Лебедзя гордыя крылы”, калі паэт — гэта Чэсць, што спяшаецца ў абарону народа, то ў такім выпадку

Смерці ў Паэта няма –
Ёсць Нараджэнне!
(“Ялта-1917”)

Думаецца, была пэўная наканаванасць у тым, што ўвагу пісьменніцы прыцягвалі постаці тых мастакоў, чый жыццёвы лёс абарваўся заўчасна. Кожны з іх згарэў на вогнішчы ўласнага сумлення і пакутнай прагі творчасці — Багушэвіч, Купала, Леся Украінка і Блок, Лермантаў, Маякоўскі, Ясенін, Мележ і Куляшоў, Караткевіч, Марына Цвятаева, далёкая Эн Сэкстан і Мэрлін Манро, Анна Герман і Еўдакія Лось... Углядаючыся ў жыццёвы лёс і творчае аблічча іх, сваіх старэйшых, Янішчыц факусіруе ўвагу найперш на трагічным разладзе паэтычнай душы з удушлівай прозай паўсядзённасці. Жыццёвую драму іншых яна перажывала як сваю, асабістую. Па сутнасці прагназавала і пражывала яшчэ такі далёкі ад рэальнасці свой асабісты зыход:

Вось на парог радзімы павярнуся;
Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць.
Ды ведаю – на песні захліпнуся.
I знаю: долі мне не абхітрыць.
(“Не назавём — само не назавецца”)

Разумелі гэтую наканаванасць ці пакаранасць шчаслівым прыгнётам таленту блізкія лірычнай гераіні людзі. Асабліва дарагі і родны чалавек — мама:

I прамовіць матуля ў жальбе:
“ Як цябе ўратаваць мне ад вершаў,
Ад самоты, што з'ела цябе!”
(“Празрэнне душы ці кляйноты”)

Размаўляць з тымі, хто адбыўся даўно, хто пакінуў яркі след у краіне Паэзіі, Мастацтва, Творчасці было, відаць, такой жа патрэбай, як думаць, пісаць, як дыхаць. Іх вопыт вучыў адкрываць жыццё па-новаму, а распяцце талентам прыносіла адчуванне высокай, катаржнай, але шчаснай долі. I тады, напрыклад, пісьмовы стол-Галгофа набывае ў мастацка-вобразным увасабленні аўтара (верш “Пра Галгофу”) зусім іншае аблічча, іншы змест: “I шчыраўніцай свеціцца Галгофа, калі — яна сапраўднае жыццё”. Дыялог са старэйшымі, з тымі, хто быў яшчэ жывы, як, напрыклад, Мележ, Куляшоў, Быкаў ці Вера Палтаран, і з тымі, каго паэтэса ведала толькі па кнігах, — гэта адкрыта і па-мастацку хораша выказаная патрэба маладога калегі па пяру ў літаратурных арыенцірах, духоўных і творчых кантактах. Пра сваіх дарадчыкаў Я. Янішчыц згадвае часта, з душэўным цяплом, удзячнасцю. Умела з імі гаварыць, ведала, ж і пра што пытацца, разумела сэнс адказаў. У вершы “Абеліскі”, прысвечаным Васілю Быкаву, сустракаем наступнае прызнанне:

Я ведаю: ёсць час скупы і горкі,
Ёсць міг, калі ў подзвігу сваім
Жывыя ўсё ж звяртаюцца да мёртвых
I мёртвыя адказваюць жывым.

Цікавым уяўляецца не толькі прачытанне і разуменне Янішчыц твораў знакамітага празаіка, але і мастацкая палітра, мастацкая спецыфіка выяўлення сваёй далучанасці да творчага вопыту настаўніка змястоўна і арыгінальна ў вершы “З кнігамі Васіля Быкава” перадала паэтэса неймаверны цяжар, які абрынула вайна на амаль дзіцячыя плечы юнага лейтэнанта, якому ў чэрвені 1944 было ўсяго толькі дваццаць. Асобы сэнс у вобразнай фактуры верша набывае слова “лейтэнант”, тройчы паўторанае аўтарам. Ды паўтор тут кожны раз асобы, абцяжараны новым словам – азначэннем ці ўдакладненнем. У выніку і слова-вобраз, і твор набываюць сваю ідэйна-сэнсавую глыбіню і эмацыянальную экспрэсію.

Усяго 6-7 радкоў праляглі паміж тым жыццёвым фактам, калі ваенная трывога гукнула лейтэнанта маладзенькага, і жыццём пісьменніка, ужо лейтэнанта пасівелага, чый лёс-наканаванне вяртацца зноў і зноў туды, дзе “кіпцюры растуць у воўчай зграі”, а “дзень і ноч змяшаліся ад жаху”.

У кожным слове тут вялікая павага і немагчымая, непераадольная адлегласць паміж ягонымі пакутамі, мужнасцю жыцця і творчасці і тымі, каму доля, лёс ці нябёсы судзілі іншае: мірныя дарогі жыцця. Гэта зусім відавочна. Нездарма да вобраза-словазлучэння “маладзенькі лейтэнант” ці “пасівелы лейтэнант” падключаецца строгае, афіцыйна-вайсковае “таварыш”. Кожная страфа прыгаданага верша – гэта цікавая паэтычная інтэрпрэтацыя быкаўскай прозы ў цэлым і асабліва значнага, блізкага ёй, у прыватнасці. Выказана пры гэтым і сваё разуменне-тлумачэнне быкаўскай паэтыкі мастацкага пісьма Майстра: “I пішацца не проза, а дыктант”. Дакладна схоплена. Акрэслены быкаўская графічнасць стылю і лаканізм.

У заключнай страфе верша, як бы падводзячы агульную рысу пад усім, што было адчута і пераплаўлена ў паэтычны вобраз, радок, пісьменніца бярэ адказнасць і смеласць прамаўляць ад імя пакаленняў, якія ёсць, якія чытаюць, захапляюцца творамі Быкава, і ад імя ўсіх тых, якія будуць. Значнасць і велічнасць таго, што здзейсніў Васіль Быкаў – воін, пісьменнік, чалавек, грамадзянін, — перададзена адпаведна быкаўскаму стылю творчасці і жыцця; значна, сцісла, строга.

...Схіляюцца ў пашане пакаленні
Прад Вашым мужным лёсам, Лейтэнант...

Знойдзена нечакана ўдалае рашэнне: у канец верша выносіцца галоўнае, апорнае ў сістэме мастацкай вобразнасці твора слова “лейтэнант”, але напісанае ўжо з вялікай літары. Гэта, па сутнасці, і слова-вобраз, і слова-сутнасць, і слова-лёс.

Дарэчы, пра тое, як адзін з вершаў Янішчыц, прысвечаны В. Быкаву, быў агучаны яшчэ ў рукапісе самой пісьменніцай у прысутнасці Майстра, згадвае журналістка Вольга Ягорава. I журналістка Ягорава, і літкансультант Янішчыц даволі працяглы час супрацоўнічалі ў газеце “Сельская жизнь”, часта сустракаліся, бо яднала не толькі работа, а і блізкасць светаадчування.

У сваіх успамінах пад назвай “Спроси у чебреца” (“Народная газета”, 1996, 23 — 25 лістапада) аўтар расказвае: “…на одной камерной встрече в Доме литератора с Василием Быковым возникла короткая заминка. Все знали, что должна быть Женя. Но она почему-то задерживалась. Встреча началась. И все поглядывали на дверь.

И вот дверь распахнулась и “влетела” Женя.

На ней был ярко-красный шарф. Всё то же классическое платье с узким вырезом. Она улыбалась и извинялась. И сказала, что прочитает стихи, только что написанные и посвящённые Василю Быкову.
Быков засмущался.

Сейчас я не помню, которые это были стихи. Мне всегда казалось, что Женя многие стихи посвящала Быкову. Иначе и быть не могло”. I хоць у кантэкст успамінаў уключаны верш “Абеліскі”, хацелася б думаць, што гучала штосьці іншае. Магчыма, «З кнігамі Васіля Быкава». Ёсць у гэтых успамінах пэўныя дэталі, што наводзяць на такую думку.

Спасцігаючы лёс, жыццёвую драму іншых, Янішчыц пісала шчыра, балюча, таленавіта, пісала пра тых, чый творчы палёт так недарэчна-нечакана абрываўся... А выходзіць пісала і пра сябе. Вось як, напрыклад, у вершы “Памяці Еўдакіі Лось”. Звяртае на сябе ўвагу эпіграф, у якасці якога ўзяты радкі А. Ахматавай: “Психея. Ласточка. Душа”. За гэтым бачыцца асобае веданне жаночай душы. I Еўдакіі Якаўлеўны ў тым ліку. Заўчасная смерць чалавека, якога ведала Янішчыц зблізку, бывала дома, з якім ліставалася (пра многае гавораць яе пісьмы да Еўдакіі Лось, што захоўваюцца ў БДАМЛІМ), уразіла асабліва моцна. Нагадаем пачатак верша.

Ані кропкі, ані коскі,
I дарожанька – адна
Нелагічна! Вы з той вёскі,
Што завецца Старына.

Анямела вечарэюць
Вочы руж і хрызантэм.
А да старасці яшчэ Вам –
Столькі вершаў і паэм!

Тут што ні слова — то адчай бязмежны. Радок нервуецца, ірвецца, плача, пратэстуе. I журботна-роспачнае чуем непрыманне такой жыццёвай нелагічнасці: бязбожна талент пазбаўляць жыцця, калі да старасці яшчэ столькі творчых планаў і задум. Ды і назва роднай вёскі паэтэсы з Віцебшчыны цяпер успрымаецца і чытачом, і аўтарам верша як лёсу капрыз ці насмешка.

Вобраз Еўдакіі Лось неаднойчы сустракаем ў творах Янішчыц. Так, лірычную гераіню верша «На маскоўскіх могілках» нейкая душэўная патрэба – ці то «светлай памяці зарок», ці то нядобры сон начны – прыводзяць да магілы паэтэсы Лось. Узіраючыся ў знаёмыя рысы, думаючы пра хуткаплыннасць жыцця, пра магільную травіцу, што прарасла на гэтай адчайнай душы, Янішчыц тут жа яднае, злучае ў адно лёс чужы, ужо пражыты, і свой, што таксама – прадчуванне такое! — блізіцца да свайго трагічнага завяршэння.

Да чаго б гэты жудасны сон;
Як траву, мяне ўчора скасілі?
Усміхаецца горды анфас
З фотакарткі, дзе дні — маладыя.
Твой балючы, бязлітасны час
Перад шляхам маім, Еўдакія!

У паэме “Акно ў дождж” зноў прыгадваецца Еўдакія Лось. Па асобных штрыхах пазнаецца яе лёс, хаця і не называецца імя. Вуснамі сваёй гераіні-паэтэсы Янішчыц абараняе права жанчыны-творцы на асабістае жыццё і выбар. Поўны глыбокага сэнсу дыялог начной госці і жонкі мастака Святаянава, якая з ледзяною ветлівасцю калялітаратурнай дамы, што колісь “грашыла музай неўпапад”, з мяшчанскай сытасцю спрабуе балбатаць пра асабісты бок жыцця паэта, яго трагічны лёс. I жанчыны-творцы асабліва.

— А што там з вашаю сястрой?
У сорак восем? Нечакана.
Відаць, не думала яна...

(Усплыло акно, нібы з туману,
А ці туман усплыў з акна.
Усплыў. Яе апоші дзённік,
Журботны, як акна праём.)

Мігнуўся ў памяці балючы эпізод. I гэтага дастаткова для таго, каб госця перабіла гаспадыню сваім адказам.

— Па-рознаму за хлеб надзённы
Мы плацім. А яна — жыццём.
Радня... Работа... Магазіны...
Ужо з хваробай — у чарзе.

Не дала прамовіць услых папрок-віну. Ніхто ўжо не мае права вінаваціць. Ёсць народная мараль — казаць пра мёртвых толькі добра ці нічога, ёсць сяброўская ўдзячнасць, ёсць урэшце адчуванне, разуменне таго, што ніколі не пад сілу ўразумець банальнай і сытай пасрэднасці. А калі так, то не давай у сваёй прысутнасці судзіць усё, што дорага табе.

I вядома ж, заходзілася яе сэрца, калі жыцця дарогу пакідалі такія маладыя, прыгожыя, таленавітыя, як Рыгор Семашкевіч ці Варлен Бечык. Скрушныя клаліся на паперу радкі, але па-над жыццёвай драмай у яе вершах (“Рыгору Семашкевічу”, “Прылукі” і інш.) вітае вечнасці дух, дух неўміручасці. Жыве імя вучонага, паэта, бо жывуць кнігі, якімі вяртаў ён беларусам слаўныя імёны Буйніцкага і Шыпілы, бо звініць дзіцячы смех:

Здрыгануся: воблікам тваім
Кропелька твая бяжыць са школы.

Балюча і светла запомніцца нам і Бечык Варлен з яго душэўнай шчырасцю і духоўнай вьшынёй інтэлігента-эрудыта, інтэлігента-чалавека. Сказана пра гэта ў вершы па-асобаму далікатна і па-мастацку ашчадна, дзякуючы адной дэталі: над усім лунае, валадарыць у наскрозь трагічным свеце незвычайная ўсмешка Варлена.

Незагойныя — да віднаты! —
Да лясной незваротнай вярсты —
Усміхаюцца вочы Варлена.

Ёсць у тых жа ўспамінах Вольгі Ягоравай і такое сведчанне: «Женя очень любила дарить, нет, даже раздаривать свои книги». Дарыла не толькі кнігі, рэчы, душу сваю дарыла, яе цяпло. Дарыла талент свой любіць жыццё, людзей і кожнага, хто меў патрэбу ў яе падтрымцы, дапамозе.

У горы з сонцам папалам
I ў трудных пошуках, у быце,
Калі не мне — маім сябрам
Глыбей у сэрца зазірніце!

Сама ж яна ўмела прывеціць душы многіх. Кола сяброў ці блізкіх ёй па духу людзей было шырокае, нават мяркуючы па вершах-прысвячэннях. Было ў гэтым штосьці генетычна-спадчыннае, ад маці. Ці не пра тое і вось гэтыя радкі з верша «Чытаючы пісьмо»? Пісьмо ад маці.

I чую я, як светла словы ткуцца,
I гэтак светла ліст яе чытаць:
“Я не магу з людзямі размінуцца,
Мне трэба нешта ў кожнага спытаць”.

Сказаць, спытаць, удзячна прывітаць сваёй песняй Янішчыц умела так, як, бадай, ніхто ў нашай паэзіі. За спахмурнелым тварам Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна прачытае яго бацькоўскую трывогу, якую выдае ўсмешка з галавой. Шчодрая чалавечнасць Веры Сямёнаўны Палтаран выбухне ў вершы гронкай духмянага бэзу, што “сочыцца, хлынуў ракою, ліецца студзеню наперарэз”, хлынуў у душу вясновым спадзевам на разуменне, цяпло, уваскрэсласць душы.

Светлая душа Янішчыц ніколі не хварэла на зайздрасць да чужой удачы або асвечанасці чужога таленту прызнаннем. Наадварот, умела радавацца шчасцю іншых, а ў вітальным паэтычным слове не праміне адзначыць і асобы свет жаночай творчасці, і трагічны лад жыцця-быцця жанчыны-мастака. Разумела, як жыць няпроста «на полі прынароднай любві» Марыі Захарэвіч, як шчырае сумуе слова Хрысціны Лялько ў наш век «завінчана-сталёвы», радавалася з Нінай Загорскай за яе слаўны род кавальскі, журылася над сцюжным лёсам Ніны Мацяш, як сялянка магла пакланіцца жытняй Дануце Бічэль...

Вось так у шчырасці сваёй, здаецца, ніводнай душы святлом не абдзяліла Цяпло, світальнае святло яе душы і творчасці даходзіла да адрасата і вярталася назад. Шчырасцю на шчырасць. I нават па-за межамі Радзімы.

Працуючы ў архіве-музеі з эпісталярнай спадчынай Уладзіміра Караткевіча зусім нечакана натрапіла на блакнот вядомага ў Еўропе спевака з зямлі беларускай, цудоўнага выканаўцы народнай песні Міхася Забэйды-Суміцкага, у якім аказаліся чарнавыя накіды ягоных лістоў. I да Яўгеніі Янішчыц, у прыватнасці. У адным з іх – ад 2 ліпеня 1971 года – дзядзька Міхась, усцешаны весткаю з Радзімы, пісаў: “Як добра, што “ёсць такое паэтычнае дзяўчо ў СП БССР”, якое любіць не толькі паэзію, але і людзей, напрыклад, дзядзьку Міхася. Ад гэтага лягчэй і радасней жывецца на свеце. Шчыра Вам дзякую за Вашы добрыя, мілыя пажаданні. Хацелася б прытуліць Вас (як лек!) да стомленага сэрца, каб мая любоў да роднай песні перайшла ў Ваша маладое, чыстае сэрца і жыла там і тады, калі мяне ўжэ не будзе сярод жывых”.

Пазней будзе Прага, будуць сустрэчы, размовы са славутым Маэстра. Нават напішацца верш у гонар спевака, які так і будзе названы — “Маэстра”. Верш пра жыццё ў песні, дзеля песні. А яшчэ пра настальгічнае адчуванне роднай зямлі.

I што пытацца пра жыццё,
Пра звон прызоў,
Пра лаўры-стужкі,
Калі Вы ў неба гледзіцё,
Ў якім лятуць дадому птушкі.

Сваё пісьмо аўтар закончыў словамі Лермантава: “Мужай с летами и дай бог в пору поздних лет такими ж светлыми очами тебе глядеть на божий свет”. Споўнілася прарочае пажаданне. Да апошніх дзён свайго жыцця заставалася яна аптымістычна-светлай, хоць смак гаркоты пастаянна быў у яе высокай, чыстай песні.

Калі не мне вясну пачуць,
Калі не мне ісці па травах, —
Сябры мае, што злева, справа,
Замоўкнуць песні не дадуць.

I сапраўды, пра яе жыццё, пра слова сенакоснае, пра талент — рэдкі і высокі — пішуць даследчыкі, складаюць вершы паэты, дзеляцца ўспамінамі сябры, а гэта выдатнае сведчанне таго, што Песням яе доўжыцца і ў часе, і ў прасторы, западаючы ў душы чуйных на паэзію, на слова чытачоў.

Тамара Нуждзіна