Па сцяжынцы ручніка (ліст Ніны Мацяш)

Мілая, мілая Жэнечка!..
Перачытвала твае лісты да мяне і зноў пашкадавала, што іх усяго — пяць, што і мы аддалі перавагу тэлефонным перамовам... “Як быццам, жыццё бясконцае і дзесьці “там” — можна будзе сазваніцца”.
Гэта твае радкі чатырнаццацігадовай даўнасці...

У апошнім выданні адрасна-тэлефоннага даведніка пісьменнікаў ужо ані адраса, ані тэлефона твайго няма...

А з белага поля тваіх лістоў, з гэтых рознафарматных аркушыкаў, прыгожа засеяных тваёй рукою думкамі і пачуццямі тваімі, ты ані тады, ані цяпер не знікала і не знікнеш, жывая і абліччам, і голасам.
Твае радкі, напачатку роўненькія, ад чвэрці аркушыка ўсё круцей і круцей скошваюцца злева направа, нібыта ты няўтрымна слізгаеш з гары...А ты разважлівая і амаль спакойная...

Заўсёды глыбока ўдзячная іншым за ўвагу да цябе і да таго, як і чым ты жывеш, што і як ствараеш...
Заўсёды чулая і шчырая ўласнай зацікаўленасцю жыццём і станам душы блізкіх табе людзей і часовых спадарожнікаў...

Памятаеш, як на адным з пісьменніцкіх з'ездаў у перапынку да цябе падышоў маладзенькі паэт з букетам гваздзікоў, каб падзякаваць за падтрымку ў “Маладосці”? Ты ажно запаланела ад неспадзеву і хвілёвай разгубленасці...

А потым, калі БТ брала ў мяне інтэрв'ю, ты паклала тыя кветкі мне на калені, — і гэтай увагай падзялілася...

Ты нікому не адмаўляла ў помачы, і гэтым карысталіся ўсе, і паблізныя, і нават малазнаёмыя табе людзі. Карысталіся не саромеючыся і не ашчаджаючы тваіх ні фізічных сіл, ні нерваў. Ты беспахібна бачыла, хто чаго варты, і чалавечая недасканаласць моцна ўбольвала цябе...

“Шукаюць і дастаюць цяпер мяне ўсе, нават тыя, хто даўно забыў... Іншы раз дзіўлюся, што я, а не цень мой — усім стараецца дапамагчы, а іншы раз (аб чым падумала!) хочацца нейкага роднага цяпла і ўзаемнасці...”

“У “свет” амаль не выходжу, астыла душа ад самалюбаванняў некаторых асоб, ад прэтэнзіі на звышгеніяльнасць, ад ілжывых усялякіх размоў”, — прызнавалася ты.

I пераводзіла гаворку на іншае, — на рамонт кватэры, на лімаўскую публікацыю вершаў, на тэлеспектакль “Гэта я, Госпадзе” па творах Р. Кента...

“А мы ж павінны заўважаць і гэтае добрае, харошае, што ёсць у кожнай краіне. Гэта справа не толькі ўзаемапаразумення паміж народамі, але — і палітыка міру!”

Гэта я слухаю цябе яшчэ ў 1980-м годзе, Жэнечка... Не паслухалася толькі тваёй парады “па гэтых гарачых слядах» зрабіць «нейкую вершаваную рэч (тут можна выкарыстаць думкі, разважанні самога Р. К.) і — наша разуменне мастацтва!”...Не згадаю ўжо, чаму не паслухалася... Пэўна, таму, што “выклалася” ў сцэнары...

Дарэчы, а калі ты сама ездзіла ў Амерыку як прадстаўніца Беларусі ў ААН? Не памятаю года. Трэба пагартаць твае кніжкі, у цябе ж цэлы «замежны» цыкл тады стварыўся.
Пачакай-но, зараз гляну... Ага, вось. Зборнік “Пара любові і жалю”, 3-ці раздзел:

Да чужога не звыкліся вочы,
Сэрца цепліць гаючы ўспамін.
Можа, свет пераменіцца тройчы —
Келіх роднага неба адзін!

Нью-Йорк — Мінск, 1981—1982.

I вочы не звыкліся (каго ж са звычайнага люду пускалі тады за мяжу?), і ўспрыманне было непазбежна запраграмаванае (мэтанакіраванай ідэалагічнай “прамыўкай мазгоў”)...
У цябе няма выпадковых радкоў.

...А вуліцы, адкрытыя, як язвы, —
Хоць і вітрыны золатам зіхацяць...
...а ў радыё рыдае настальгія
Адступніка Эміля Гараўца...

Я свядома выдзяляю прамоўленае табой.

“Быў час, быў век, была эпоха” ...(Дый ці мінулася ўсё тое?..)

...Не ў самагубстве сілы соль,
Хоць ёсць тут знак пратэста.

Я свядома выдзяляю прамоўленае табой...

Я ведаю, як не прымала ты хлуслівы, прагматычны, абыякі да індывідуальнасці, да пакутаў чалавечай душы свет...

I як шанавала шчырую сяброўскую прыязнасць і ласку, якой не бывае — завельмі...

Памятаеш, як зладжана спявалася нам у нячастыя нашы сустрэчы ці то ў мінскім тэатры, ці ў мяне дома?..

Ты такая ўзнёслая, і прасветленая, і даверлівая, і прыгожая была ў тыя незабыўныя хвіліны!..

Дый песні ж, бо тыя ўсе беларускія нашы — пра долю...

Зараз я разам з Алесем Каско складаю анталогію беларускай лірыкі кахання — салідны такі томік быць абяцаецца, старонак на трыста. У нас насамрэч моцная любоўная паэзія! Почасту вельмі цяжка спыніцца на якімсьці адным ці двух вершах, калі іх у таго паэта — цудоўных! — дзесяткі.

Мы ніколі не закраналі з табой нашага патаемнага — кахання. Ні ў размовах, ні ў лістах...

Ведаеш, што тваё я выбрала ў анталогію?.. “Дзе ты прапала?” і “Заставайся каханай!”
Хоць просяцца і “Адыдуць, як сон, нагаворы...”, і “Я пачакаю”, і “Кантрасты” (...“Чорны воран над белаю ружай, Як над выстылым сэрцам маім”...), і..., і..., і...!...

У тваіх інтымных вершах столькі скрухі і столькі — годнасці!

...Спазнала толькі я азы кахання?
Ды і ў такім няшчаснай не была
...Адчула я хіба што боль па ласцы,
Але і ў ім — жабрачкай не была.

...Я аціхаю, быццам не мая
Душа ўва мне, а спрэс адчай і мука.
Ты побач, тут. I ад таго ўдвая
Мне балючэй аклятая разлука.

“Нешта ўсё невясёлае пайшло, не так, як трэба, не так, як магло б быць! Душа мая наперажывалася, набалелася таксама”...“Здаецца, што збылося ўсё самае добрае і дрэннае, і наперадзе?..”. Твой падарунак, Жэнечка, — яркі беларускі ручнічок, — цяпер у царкве... Цяпер па ім, як па сцяжынцы, узыходзяць шчырыя малітвы за цябе землякоў тваіх, знаёмых і незнаёмых з табою, а так любімых і так шкадаваных табою...

...Вось яна, як ёсць, перад вачыма
Да канца апошняга з табой
Любая адзіная Айчына
З галубінай матчынай душой...
... Рукавочкам — да рукі,
Паяском — да пояса.
З вамі разам, землякі,
I ў зямлі не боязна!..
...Старана мая харошая,
Варажэі, свацці...
Не, не ўсе лугі пакошаны!
Не ўсе сенажаці!

Мне зноў і зноў схіляцца над старонкамі кніг тваіх, над лістамі тваімі...
Узірацца ў цябе, услухоўвацца...

Ці памятаеш? — Дваццаць пятага ліпеня васьмідзесятага года ты адарыла мяне і такою ласкай:

...Яшчэ з табой
мы пройдзем пешкам
Усе нязбытныя шляхі.
І будзе ў той дарозе дальняй —
“Паміж сваіх і чужакоў” —
Свяціць праз ноч вянок купальны
З гаручых рос і васількоў.

I будзе полымя крутое
Шугаць з высокага кастра,
Як слова срэбна-трапяткое
Тваё, Старэйшая Сястра!

Дзякуй, Сястрыца!

Гэта — Тваё срэбна-трапяткое слова, якое і вярэдзіць, і ацаляе, і кліча на нязбытныя, чакальныя шляхі Любові.
Дзякуй!