У безназоўнай цішыні...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

У безназоўнай цішыні,
Дзе перагорнуты старонкі
Жыцця, ці ўспомніш тыя дні
I голас мой, ад шчасця звонкі?

А я баюся пастарэць
Хаця б на макавае зерца —
Ці не таму, што ўжо звінець
Не хоча спуджанае сэрца?

Ды ўзяўся ранак на святло,
А поўдзень доўга лашчаць промні.
I тчэцца сцежка праз «было!..» —
Ты хоць яе, адну, запомні:

Яна ў ажынах і ў расе
Бяжыць балюча і вясёла,
Такая сцежка, як і ўсе,
Што ногі некалі калола!