Психея. Ласточка. Душа.
А. Ахматава
Ані кропкі, ані коскі,
I дарожанька — адна.
Нелагічна! Вы з той вёскі,
Што завецца Старына.
Анямела вечарэюць
Вочы руж і хрызантэм.
А да старасці яшчэ Вам —
Столькі вершаў і паэм!
Плача неба над сталіцай,
Як жалобная струна.
А у вёсцы — касавіца.
Медунее Старына.
Вось бы Вам туды з'явіцца
(Бо й сынок — чым не касар!),
Нахадзіцца, надзівіцца
У тры дарожанькі запар.
Краскі Вы б знайшлі якія
Ды наткалі б палатна,
Доня, Дуня, Еўдакія
З ціхай вёскі Старына!..