Цяпло раптоўнае адлігі —
I свет нанова маладзён.
I ў звоне дзён разносяць крыгі
Твайго святла празрысты звон.
Плыве шырокі свет страката
То палявою, то лясной...
I чым жыве старая хата —
Вядома толькі ёй адной!
Зняла дзяўчынка басаножкі,
Лясны мурог да ног прылёг.
...Яшчэ для першае падножкі
Не узышоў чартапалох!
Сукенку лёгкую трапеча
Вятрэц, наіўны і сляпы.
Яшчэ для горкае сустрэчы
У шыпшын не выраслі шыпы!
I ты бяжыш насустрач свету,
Нібыта ў ім не існуеш.
I для бяздомнага паэта
Пралесак крохкі лёс нясеш.