Вось так — з адкрытым небам — заначую,
А зоркі будуць днець у вышыні.
I праз траву гаючую адчую,
Як у зямлі багата цеплыні!
Ні спачуванняў тых, ні перашкоды,
Ні адчування смутку, ні віны.
Адно — бруяцца бэзавыя воды
I, як стагоддзі роднае прыроды, —
Стаяць на вечнай варце валуны...
Дабрыдзень, ліст вясковага спакою,
Уяўнага, як люстра ціхіх вод.
Калі ж душа зліваецца з ракою —
Няма тады спадманнага спакою,—
Ёсць ціхіх думак вольны веснаход.
Ёсць мудрае, адзінае жаданне
Дарэшты зразумець, чаму з вякоў
Нам раніць сэрца кожнае вяртанне
I, кожнае шчымлівае спатканне
Не умясціць у рамкі гучных слоў!
Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды,
Любіць твой дух настойна-смаляны,
Пакуль бруяцца бэзавыя воды
I як стагоддзі роднае прыроды, —
Стаяць на вечнай варце валуны...