Жыву сярод глухіх балот...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Жыву сярод глухіх балот.
Пад сонцам найвышэйшай пробы
Святкую першы свой палёт
Пасля працяглае хваробы.
Тут самы лёгкі ў свеце сон.
Ля кожнай хаты — па бярозцы.
I камарыны звон чуцён
Аж у другой, суседняй, вёсцы.
...Ды толькі глуш разварушы —
Прастор зашэпчацца з ахвотай:
Збяруцца лекі для душы,
Узыдуць зёлкі ад маркоты.
Як светла ў ліпеньскіх начах!
А ў дзён, што высяцца стагамі,
Ёсць стома спелая ў вачах
I грунт трывалы пад нагамі.
Пастух абуджвае сяло,
Ды спіцца на траве-пярыне,
Нібы дарэшты замяло
Вось гэтым шчасцем камарыным,
Нібыта ў днях і не было
Маіх ні болю, ні адчаю,
А толькі гэтае сяло
Расло, як дрэвы за плячамі...
Што ж гэта сталася са мной,
Што адбылося ў гэтым свеце
З усмешкай ранішняй маёй,
Якой смяюцца толькі дзеці?..
Куды нясе мяне жыццё?
На кім сабралася аблога?..
Няма адказу. Праз усё
Бяжыць звычайная дарога.