Мне гэтак светла на душы,
Хоць і захмаран край палескі.
Але ў гліняным гладышы
Пагодныя ўзышлі пралескі.
Клапотна іх ля раўчука,
Дзе парыжэлыя сумёты,
Шукала матчына рука
На светлы дзень майго звароту.
Як свята хутка настае,
З плячэй гады зняла дарога.
Цвітуць настольнік на стале,
I падаконнік, і падлога.
Аб тым, што дзень ці два гасціць
I дыхаць тым паветрам свежым,
Сказаць баюся,
бы ўпусціць
Гладыш са шчасцем беласнежным.