Вузельчыкі званкоў
I росы на папасе.
Шчэ столькі вечароў
Харошых у запасе!
Няхай не размяняць
Ні сцежкі і ні долі.
Прыслухайся: шумяць
Жыты на вольным полі.
Прыслухайся:
яшчэ
Бяды не так і многа,
Калі ступню пячэ
Адкрытая дарога,
I сцелецца ў цішы
Сяброўская размова,
I спеліцца ў душы
Купалавае слова.