Прымаўку — «твая дарога — ад печы...» — Не знаў. Ці знаць не любіў, А ўзвальваў сам дарогу на плечы, Колькі бачыў — столькі хадзіў. Перамераны ўсе тутэйшыя вёрсты. Перамераны поле, лес, сенажаць. I дарога твая, нібы леты ды вёсны, Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў пяць. Смольны дух ад утульнай ватоўкі Прыносіў у дом лясны камандзір. ...З лясоў Кыштоўкі ляцелі паштоўкі — Была адкрыта табе і Сібір. Была адкрыта табе трывога За дзень наступны. За рэчку з ляском, Пакуль сама на цябе дарога Не ўпала жоўтым балючым пяском...