Палессе ў паэтычным мысленні Я. Янішчыц выступае як спрадвечная, старажытная зямля («старана... былінная»), унікальны этнічна-прыродны свет — загадкавы і таямнічы: «...I як стагоддзі роднае прыроды — // Стаяць на вечнай варце валуны»; «Бо тут і вогнік не атух. // Ігліца, як прыколка. // I чараўнічы дух шаптух // Настоены на зёлках» (вершы «Вось так — з адкрытым небам — заначую...», «Палессе»). Паэтэса ў творах выявіла рысы народна-міфалагічнага ўспрымання прыроды. У той самы час Я. Янішчыц востра заўважала, як мяняецца спрадвечны краявід, уклад жыцця, псіхалогія ўчарашніх вяскоўцаў, а гэта ў выніку, як прадчувала яна, можа прывесці да занядбання традыцый бацькоў і прадзедаў, духоўнага збяднення і іншых негатыўных наступстваў. Пачуццё жалю выклікае ў яе «рака, змялелая ў высокіх берагах» («Плыві, рака!»). Пабачыўшы ўлонне, дзе «сад здзічэў, дзе звялі пералескі», паэтэса згадвае Ф. Дастаеўскага і задае пытанне: «На астраўкі расколваецца свет. // Якая ж прыгажосць яго ўратуе?» («Па дарозе ў Дастоева»). А вось яшчэ адно запытанне, поўнае трывогі пра будучыню вёскі:
Яшчэ дзесь бялеецца маміна хустка, Ды рвецца пытанне з балючых грудзей: А што як прывеціць не жыта, а пустка I свойскія птушкі збаяцца людзей? «Наконт гарадскога мыслення»
Адна з першых Я. Янішчыц адгукнулася на пагрозу Чарнобыля, выявіла трагізм чарнобыльскай явы, з малітоўнымі словамі звярнулася да Усявышняга з просьбай аб паратунку роднай зямлі і яе люду (вершы «Праз туман», «Чаша», «Хоць і адсюль, але йшла я не ўпрочкі...» і інш.). Чарнобыльскія радкі ў вершы «Пакіньце цішу вуснам і вачам...» напісаны з абвостраным гуманістычным разуменнем трагедыі Зямлі-Маці: «Зямля-Калыска — песні і жыты, // Няўжо вар'ят цябе са свету спіша?» Гаворка пра небяспеку чалавечага самазнішчэння выклікала зварот Я. Янішчыц да мовы публіцыстыкі.