Народна-песенная аснова паэзіі Яўгеніі Янішчыц

Паэтэса спазнала радасць ствараць на роднай мове. Яна «ўмела валодае мілагучным і маляўнічым словам, умее адчуць яго глыбінны паэтычны сэнс, асацыятыўнасць і шматзначнасць» (Л. Ламека). Паэзія Я. Янішчыц мае народна-песенную аснову. У творах яна арганічна выкарыстоўвала фальклор сваёй мясцовасці (песні, побытавыя гісторыі, прымаўкі, народныя прыкметы, параўнанні і інш.), а таксама палескую дыялектную лексіку, імёны, тапонімы. Паэтэса ўслухоўвалася ў мову сваіх землякоў, у яе сэрцы і памяці жыло трапяткое народпае слова. Вось якое красамоўнае прызнанне гучыць з яе вуснаў: «Цётка Ліда Саўчукова, // Твой дасціпны жарт нашу // I — калі шукаю слова, // I — калі яго нашу» («Апавяданне пра жытнёвы сноп»). У лірыка-апавядальную канву паэмы «Ягадны Хутар» уключаны лісты дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата Уладзіка і маці да паэтэсы, з якіх паўстае сялянскі штодзённы ўклад жыцця, свет думак і хваляванняў вяскоўцаў-палешукоў. Аўтарка яскрава ўзнауляе асаблівасці палескай гаворкі, падкрэслівае яе простасць і натуральнасць, а таксама перадае сакавітасць і вобразнасць народнай мовы: «Да дрэў прывык, як да бабкі свае. Пакуль што здарова яна, хаця патроху сівее, здае, як вякоўка — сасна»; «Луг — як падэшва. Цяперака хлоіць дождж»; «Можа, апішаш непазабутнае...»; «Працы ж — хоць рук на аршын» і інш.