Апірышча, «сонца» духоўнага свету Я. Янішчыц — светлы вобраз маці. Вельмі прачулыя, кранальныя і шчымлівыя вершы яна напісала пра гэтага роднага і душэўна блізкага чалавека: «Мама Марыя», «Мама і птушкі», «Мамчына сіла», «Дажджавая нітка лёсу мамы», «Што за восень доўгая...», «Як за дажджамі частымі-рабымі...», «Песня», «Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён...», «Мама падрэзала косы», «Ля ложка хворай маці» і інш. Марыю Андрэеўну, маці паэтэсы, напаткаў у многім тыповы лёс палескай жанчыны-працаўніцы. Яна да стомы працавала ў калгасе, цягнула ўласную гаспадарку, умела рабіць любую справу не горш за мужчын. З ранку да ночы яе круціў вір штодзённых клопатаў. Паэтэса спагадала матчынай нялёгкай долі, імкнулася глыбока адчуць боль роднаснага сэрца: «...Але на мне свінцовай мукай // Адбіўся твой пакутны лёс» («Ты косіш сена, возіш дровы»); «Ты на ложку ляжыш, // А здаецца, што ў сонечным полі! // Мама! // Так ніколі твая не балела мне доля» («Ля ложка хворай маці»). У вершах яна выказвае любоў і ўдзячнасць маці за чуласць, узаемаразуменне, трывогі і хваляванні. Яе слова — самае пяшчотнае і гаючае, яе слых — самы чуйны:
Прыеду. Кветка чакання ў акне Міргае-цвіце ў адзіноце. А вершы баюся чытаць, каб мяне На глухой не злавіла ноце Мама — мая паэтэса. «Мама»
Яўгенія Янішчыц вельмі журылася па бацьку, які заўчасна пайшоў з жыцця. Яму прысвечаны шэраг вершаў: «Хата», «Ясельда», «Імя па бацьку», «Тата», «Бацькава музыка», «Бацькавы дровы», «Бацькава дарога» і інш.