Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц

Інтымная лірыка Я. Янішчыц — выдатная з'ява ў беларускай літаратуры. Каханне і любоў складаюць галоўны эмацыянальна-сэнсавы цэнтр яе паэтычнага свету. Гэта і зразумела: жанчына заўсёды застаецца жанчынай, яна не можа жыць без кахання. Пра сябе паэтэса сказала: «Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой // Перш-наперш, я толькі жанчына» («Сухі і маланкай апалены ствол...»). У рамантычна ўзвышаным арэоле паўстае ў паэзіі Я. Янішчыц вобраз саду: «I блаславіць нашчадак акрылёна // Кахання сад і ластаўку вясны» («Кахання сад і ластаўка вясны»). «Кахання сад» — сімвал чалавечага шчасця, духоўнай красы і вясновай радасці жыцця. З просьбай-мальбой звяртаецца лірычная гераіня да каханага:


                                 Такой прысні, як яблыневы сад.
                                 Там не ачахла сонечная сцежка.
                                 Хвалюецца высокі снегапад,
                                 А на губах — іскрыстая усмешка.

                                                «Такой прысні, як яблыневы сад...»

Маладая гераіня Я. Янішчыц была ў палоне летуценняў, мрояў, усёй існасцю трапяткога сэрца яна прагнула пяшчоты, цеплыні, святла. Паэтэса стварала лірычны дзённік інтымнага зместу, камернага гучання. Яна даверліва, усхвалявана выказвала словы любові і кахання, ёй жадалася, каб чалавечае жыццё было напоўнена гэтымі цудоўнымі пачуццямі. Афарызмамі сталі мастацкія радкі з верша «Ты пакліч мяне. Пазаві..», у якіх з аптымізмам сцвярджаецца: «Пачынаецца усё з любві — // Нават самая простая ява» і інш. Пазней у паэме «Прызнанне вачамі» як апраўданне прагучала: «Кахаю я — і ў тым мая віна».

Лірыка Я. Янішчыц адлюстравала розныя душэўныя станы — ад пачуцця закаханасці, калі быў «голас... ад шчасця звонкі» («У безназоўнай цішыні...»), да драмы адзінокага чалавека, якому было «так вусцішна, і горасна...» («Далёка — як! I праз нямую пространь...»). Па змену маладой летуценнасці і радасці прыйшло дачаснае расстанне і спароджаны ім шчымлівы боль, самота і душэўныя пакуты. Гэта адбілася, напрыклад, у элегічным пейзажы: «I залатой разлукаю кахання // Апрануты асеннія сады» («Як доўга дождж ілье, а я не чую...»). З'явілася ўсведамленне расколатасці свету кахання, раз'яднанасці чалавечых сэрцаў: «Так свет расшчэплены на дзве // Балючых палавіны» («Мы»). У артыкуле «Выпрабаванне любоўю» Р. Семашкевіч пісаў пра любоўную лірыку Я. Янішчыц: «Гэта паэзія менш за ўсё «дамская», чытаць яе так, між іншым, нельга. Галоўная яе вартасць — у драматызме... Характар лірычнай гераіні, створаны на гэтай аснове, пераканальны шматграннасцю пачуццяў, перажыванняў — ці то гаворка ідзе пра нераздзеленае каханне, ці то пра ўрачыстасць яго. Адчай і трывога, радасць і смутак з'яднаны высокім напалам пачуццяў». Паэтэса напісала нямала спавядальных элегій, вершаў-роздумаў, з якіх перад намі паўстае маркотная і зажураная жанчына, якая глыбока перажывае страту кахання, сямейную неўладкаванасць. Чаму «белы цвет асыпаўся дачасна» і раніць «балючае дасвецце» ў садзе кахання? За што пасланы пакуты? На гэтыя і іншыя пытанні аўтарка зноў і зноў шукае адказ:


                                 Свет для шчасця не заслонены,
                                 Ды скупы, як і здавён.
                                 Чую сэрцам: забаронены
                                 Мне твой радасны палон.

                                                «І сямейнай картай бітая... »

Пісьменніца А. Васілевіч так разважае пра асабістую драму Я. Янішчыц: «Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая... Ёй цяжэй непараўнальна! I адзінае выратаванне ў яе (калі распятая яна лёсам па крыжы Паэзіі) — вершы. Вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але ж і нясуць ёй лекі». Разышліся шляхі-дарогі Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка, таксама паэта, неардынарнага чалавека, распаўся іх сямейны саюз. Горкі сум, адзіноцтва, непрыхаваны боль і туга прадвызначалі і танальнасць шматлікіх вершаваных радкоў. Цяжка было пазбыцца гэтага ўнутранага разладу і няўтульнага пачування ў жыцці:


                                 За тое, што разбурана душа
                                 Сягоння ў ноч нягаданаю весткай
                                 Каторы раз! — і зноўку, як спярша,
                                 Пішу табе сваёй балеснай песняй.

                                                        «За тое, што разбурана душа...»

Творы Я. Янішчыц пра нешчаслівае каханне — песні-жальбы, лірычныя вершы-драмы. Ёй уласцівы тонкі самааналіз душэўных пачуццяў і перажыванняў. Паэтэса робіць ёмістыя штрыхі да аўтапартрэта: «...Засталіся на абліччы толькі // Вочы мае, поўныя табой»; «Склею разам горачка і гора. // Бачыў ты калі такі партрэт?» («Спроба партрэта»). Аднак не толькі бязрадасныя песні складае аўтарка, але і паэтычныя фантазіі, стварае «пейзажы душы», поўныя лірызму, адухоўленай веры і рамантычнай прагі неба, крыла, вясны, сонца: «Жыву няўтульна і няўмела // З нязменнай прагаю крыла» («Набытак шчасця мой бясспрэчпы...»); «Што ж за вогненнае шчасце: // Скошан лёс, як сенакос. // Да цябе мне не прыпасці — // Прыпадаю да нябёс» («Жораў ты, а я — сініца...») і інш.