Яўгенія Янішчыц — пяснярка Палесся

Яўгенія Янішчыц з'яўляецца таленавітай прадаўжальніцай традыцый нацыянальнай паэзіі — традыцый духоўнасці і лірызму. Яна глыбока выявіла пачуццё любові да роднага краю, раскрыла філасофію народнага жыцця, гарманічных стасункаў чалавека і прыроды. Я. Янішчыц — пяснярка Палесся, вясковага жыцця, сялянскай працы. Паэтэса — «краю блаславёнага дачка», — непасрэдна выяўляе сваю любоў: «О мілы край! За даллю небакраю // Не зменіцца удзячны мой пагляд...» («Так з берагоў выходзяць шумна рэкі...»). Я. Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 г. у вёсцы Рудка на Піншчыне. Родным мясцінам яна прысвяціла шматлікія, прачулыя вершы. Па-беларуску гасцінна і сардэчна яна запрашае наведаць палескі край:


                                 Прыедзь у край мой ціхі,
                                 Тут продкаў галасы,
                                 Тут белыя бусліхі
                                 І мудрыя лясы.

                                 Хапае на Палессі
                                 I сонца і вады.
                                 I што ні двор — то песня,
                                 Што вёска — то сады.

                                            «Прыедзь у край мой ціхі...»

Паэтэса кліча нас на радзіму, каб пабачыць «свет адкрыты і босы», адчуць «боль і рай на песеннай зямлі». Яна паэтызуе «самае блізкае», усё тое, што цешыць і радуе сэрца. Яе край — «журавінавы рай», да драбніц знаёмы і бясконца дарагі свет. Яна любіла сінюю Ясельду, бруістую бэзавую плынь вады, квецень садоў, залітыя сонцам узгоркі, палі і сенажаці, пахі мурожнай травы, гоман лесу, жытнёвы шум, светлую зорную ноч... Хараство радзімы і яе краявідаў знаходзіла ў сэрцы жывы водгук. Вось радкі з лірычна ўзнёслай
песні паэтэсы:


                                 Дай ласкавую руку...
                                 Старана мая азёрная,
                                 Хата светлая, прасторная.
                                 Двор у белым вішняку.

                                 Ці лячу сюды параіцца,
                                 Ці душу сваю пачуць, —
                                 Белы гусі, белы чаіцы
                                 Гаману са мной вядуць.

                                                  «Старана мая азёрная»

Вясковая рэчаіснасць была для Я. Янішчыц добра зразумелай, свойскай. «Я тут — свая і болей анічога // Не трэба мне да скону ўзамен», — сцвярджала яна (верш «Свая»). У гэтай звыклай з дзяцінства атмасферы, сярод прыроднага ўлоння яна адчувала сябе нязмушана і натуральна. Вобразна і дакладна сказала пра ўнутранае і вонкавае аблічча Я. Янішчыц пісьменніца і сяброўка Р. Баравікова: «Танюткая, рухавая, яна нагадвала чарацінку, якая моцна ўраслася ў айчынную глебу». З эстэтычнай асалодай паэтэса сузірае родны свет, што паўстае як сфера ідэальнага, прыгожага, гарманічнага быцця. Цёпла, з любасцю яна гаворыць пра сваю маці, матчыну хату, родны падворак, раскрывае паэзію штодзённага сялянска-вясковага побыту (вершы «Белы воблак. Белы сад...», «Шастае вятрыска па дуброве...», «Слоў не трэба. Варажба...» і інш.). Паэтэса шкадавала, што «...замала // Пражыта ў самотна-зялёным кутку, // Што часта губляла, калі вандравала // Без мэты, вось гэты лясок і раку» («За дзень пехаты прытаміліся ногі...»). Кожная сустрэча з роднай вёскай, землякамі была для яе жаданай і чаканай, тут заўсёды пазбаўлялася цяжкіх душэўных пакут, знаходзіла ўцеху, лагоду, радасць, сапраўднае шчасце:


                                 Тут самы лёгкі ў свеце сон.
                                 Ля кожнай хаты — па бярозцы.
                                 I камарыны звон чуцён
                                 Аж у друтой, суседняй, вёсцы.

                                 ...Ды толькі глуш разварушы —
                                 Прастор зашэпчацца з ахвотай:
                                 Збяруцца лекі для душы,
                                 Узыдуць зёлкі ад маркоты.
                                 Як светла ў ліпеньскіх начах!

                                                    «Жыву сярод глухіх балот...»

Паэзія Я. Янішчыц — рэалістычна-зямная. Аўтарка прызнаецца, што сама прырода падказвала ёй вобразы і паэтычныя радкі. Ціхая, пракаветная і чароўная прырода, краявіды, прыглушаныя балотамі і лясамі, фармавалі светаўспрыманне і светаадчуванне Я. Янішчыц, і яна выявіла сябе як лірык слова — тонкі, чулы, задушэўна-мяккі. Яна апявае родную палескую красу, з эмацыянальнай непасрэднасцю перадае сваё стаўленне да яе. Повязь чалавека з радзімай, з прыродай з'яўляецца для Я. Янішчыц глыбока ўнутранай тэмай. У вершах пры гэтым вызначальнай робіцца спавядальнасць аўтарскай інтанацыі. Мова твораў характарызуецца пачуццёвасцю, меладыйнасцю, пластычнасцю. Вось адзін з прыкладаў пранікнёнага лірызму: «Глядзі, як заранка трапеча // Над шапкай зялёнай галля! // Мы будзем з табою навечна — // Карэньчык, // Каменьчык, Зямля» («Вось так узгараецца слова»).