Ніне Загорскай
I нам не сорам — пры народзе.
I дзякуй Богу, што былі
I не звяліся ў нашым родзе
Аратыя і кавалі.
Ніхто не мераў шлях да Рыма,
Заробкаў лёгкіх не шукаў.
Ды разам з Паўлюком Багрымам
Твой прадзед молат уздымаў.
Шугалі іскры пад аблокі,
Кавалі спрытна ў дзве рукі,
Каб выляталі ў свет шырокі
За лепшай доляй жаўрукі.
З былінным скарбам за плячыма,
Нам кожны барацьбіт — радня.
Паслухаем: куе Айчына
Вялікасць Дня.