Паміж лісця, паміж расы,
Ля ціхае дубровы
У два натхнёных галасы
Світалі нашы словы.
Выпырхваў шустры верабей,
I дождж не знаў дакукі.
I, быццам самі па сабе,
Плылі насустрач рукі...
Па верасах дажджы шумяць,
Па сэрцах і па вёснах.
Ты можаш, шчасце, ашукаць
I пасмяяцца злосна!
У сціхлым шэпце палыноў —
Вясны маёй дыханне.
Але ні рук няма, ні слоў,
Ні слёз на развітанне.