Блізкі шлях праклаўся проста...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Блізкі шлях праклаўся проста,
Нібы матчына радно.
Бальшакі ідуць, пагосты,
I адхону — не відно.

Голас мой, ты сцежку высніў,
Як вяртанне і дакор.
Дзетвара на ўзлобку выспы
Паліць першы свой касцёр.

Бор чарніцамі зачэрнены,
I мадзеюць мурагі.
I ў тумане прадвячэрнім
Кураць люльку берагі.

Не існуе сцежак простых.
Памяць, слёз не варушы!
Гэта я іду з пагоста,
З гордай татавай цішы.