Загаворана пушча чаборам — Колькі хочаш мядунак збірай! І зялёным святлом святлафора Галасуе спадвіжніцкі май. Спеўна мне — між чабору і мяты, I на гладкім асфальце, дзе крок Вывучае мелодыю свята, Як найпершае слова сынок. Мне яшчэ гэтак многа і мала, Што насіла з сабой і нашу, I таго, што паспець запісала, I таго, што яшчэ запішу! Адчыняюцца поўдня вароты, I зліваецца з ямбам харэй. На пякучай мяжы адзіноты Разумею мудрэй і вастрэй. Лёс мой — лес мой у ціхай маркоце, Разглядаючы шчасця сляды, На кручастым стаіць павароце, Зразумелы для кожнай бяды. I за што б вы мяне ні судзілі — Трудны шлях мой і боль незнарок Прачынаецца там, дзе, надзіва, З палатна не сышоў васілёк. I душа — немаўля, непакора, Уся з вяртанняў, падзей і прыкмет На чырвоным святле святлафора Задумёна ўзіраецца ў свет.