Яшчэ тут непакояцца пра дровы,
Пра сена. I салому на гумне.
Нібы заход, барвовыя каровы
Плывуць у прадвячэрнім тумане.
Смалою пахне рэдкі вугал зруба
I мальвамі — суседская мяжа.
З напаўпустога шлакавага клуба
Даносіцца пласцінкі бабскі жаль.
Пяе яна пра рэўнасць і разлуку
I пра дарогу, што лягла наўсторч.
А гарадскія ветлівыя ўнукі
Пакорна ў ночвах мыюцца на ноч.
Змываецца наліплы ліст альховы,
Руды пылок вішнёвае кары.
Найшла раса на камень двухвяковы,
I не шалохне зорка угары.