На добры, на шчодрае восені лад...

Сярэдняя: 5 (1 голас)
На добры, на шчодрае восені лад,
Калі сваю ноч за сталом каратала,
Бясшумна ляцеў над зямлёй лістапад,
А жоўтае лісце ў душу западала.

Бялелі паўстанкі. Святлелі лугі.
Дрыжала пад ветрам каляным бярозка.
Ляцелі, як белыя гусі, снягі,
I ў кожнай сняжынцы — смяшлівы Марозка.

О, так не марозіла сэрца даўно!
Даўно не канала ад гордай самоты!..
За чорнаю працай
                               адкрыла акно,
I ў твар мне дыхнула пралеска пяшчоты.

А як мне жылося?
Навошта? Нашто?
Хай промень рассее няўдзячнасці хмары.
Давай я павешу тваё паліто
I кожную рыску разгладжу на твары.