Бацькавы дровы

Сярэдняя: 1 (1 голас)

Абмінаў за мілю дактароў,
Не надакучаў у сельсавеце.
Сем кастроў нарыхтаваных дроў
На гумне бяростай белай свецяць.

Чатырохгадовы пастушок
З холадам і голадам шпачыным,
Ты з маленства босага падсёк
Прымаўку: «Запас бяды не чыніць».

Сеяў жыта. Ляда карчаваў.
Любаваў для ўлову азярыны.
Дошкі на спіне сваёй цягаў
I не думаў, што — для дамавіны.

Братам быў прасмоленых вятроў
I цалінных выстылых палатак.
...Сем кастроў нарыхтаваных дроў —
Ты й дасюль цяпло нясеш у хату.