Мне б яшчэ на хвілю запыніцца,
Дзе прастор агучвае сініца.
Скрушна абарвалася «ало?..».
Колькі буду жыць —
Датуль журыцца
I ў начы трывожнае маліцца
На тваё высокае святло.
Вось і надышла, нібы расплата,
Адзінота.
Будзе мукай свята
Тое, ад якога спеў вяду...
Адцвітае бэз. I вяне мята.
Мілы, гэта скруха вінавата
У святых бярозак на віду.
Пах сунічны. I зязюлі слёзка.
Куст шыпшыны мне сягоння цёзка.
Брат — халодны месяц у палях.
Я пішу табе.
Між намі — позна.
I зіма завеяю марознай
Замятае самы дольны шлях.