З глыбінных схоў народных слоў,
He з торбачкай да масла
Імчала ўдаль мяне вясло.
Трымала перавясла.
Шумеў сусветны ураган
Выгнаннікам паганым.
Мне рукі абдзіраў дзірван —
Ралля лячыла раны.
На небасхіле юных крыл
Крыляла даль навыраст.
I прыдавала новых сіл
Зямля удоў і сірат.
I з векапомных тых гадоў,
З маленства ціхай лодкі
Калодзеж памяці дзядоў
Быў самы найсалодкі.
Якую ж песню выткаць мне,
Знайсці якія гамы?
Ды ў засівелым тумане
He гаснуць вокны мамы.
Дабрыдзень, роднае сяло,
Дзе любасць не пагасла.
Нясе удаль мяне вясло —
Вяртае перавясла.