Зялёныя ігольчатыя сосны.
Наплыў неўтаймавальніцы-вясны.
Ды вырастаюць крохкімі па вёснах
I — не па летах! — бледныя сыны.
Накормлены, здаецца, і сагрэты,
I цела ад работы не шчыміць.
А я травы пытаюся ў кабеты,
Я ўжо сама гатова варажыць!
А можа, гэта проста ад дакукі,
Ад апантаных модаю людзей?
Няпраўда, ах, яны ж грызуць навуку,
Яны у курсе спорта і падзей!
Мне сто разоў бяссільнай быць і дужай,
Збіваць агонь у вогненнай крыві.
...Ды хлопчыка з купалаўскаю ружай
Ты, Беларусь, як сына, блаславі!