Зона святла

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Зялёны шум. Дарогі палатно.
I прагне, і шукае слова — слова.
Яшчэ не спіць у Мележа акно,
Яшчэ святло не гасне ў Куляшова.

Зялёны святлафор а ці імгла,
Наперадзе дыстанцыя ці фініш?
Жыццё,
              жыцця ты іншага не мысліш
На катарзе любові і святла!

Аціхнуць спрэчак трэскі. Схлынуць стрэсы.
Дарога сцежку выбера ў глушы.
I некаму пажаліцца на бессань,
На непагоду ў свеце і ў душы.

Ды ў час, калі шукае слова — слова,
Знябыўшы тлусты тлум і мітусню,
Агеньчык цыгарэты Куляшова
I журавіны Мележа — прысню.