Яшчэ шчака ад рэўнасці гарыць...

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Яшчэ шчака ад рэўнасці гарыць
I просіць прасвятлёнай прахалоды.
Ах, не загадвай ласкаваю быць:
Дай закахацца раз і назаўсёды.

Піла — не наталяў мяне ручэй.
Цярпела — не знаходзіла адхлання.
Дай акунуцца ў чысты вір вачэй,
Якім магу паверыць без вагання.

Відаць, не растлумачу я: на чым
Стаю,
            уся адкрытая для жалю,
Жыццё не прыгарнула да парчы —
Пакінула мне блюзачку з паркалю.

Чаму, сто раз навучаная жыць,
Я горкія памылкі паўтараю...
Ах, не загадвай ласкаваю быць,
Калі сама без ласкі паміраю.