Як доўга дождж ілье, а я не чую...

Сярэдняя: 4.1 (8 галасоў)

Як доўга дождж ілье, а я не чую.
Наскрозь, да ніткі, вымакла зямля.
Ніхто нам шчасных дзён не навяшчуе,
Як самі мы — сягоння і пасля.

Вяртаючыся з болю, нібы з бою,
Галубячы ўцалелы успамін,
Нязбыўны мой, заручымся журбою
Зялёнаю, як раска і палын!

Даўно няма адказу ў запытання,
Жывём пад знакам шанцу і бяды.
I залатой разлукаю кахання
Апрануты асеннія сады.